Стракозы 5/15; 10/74; 12/47
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАБІЁНТЫ
[ад гідра... + біёнт(ы)],
расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.
т. 5, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВАБРУ́ХІ,
кардулегастры (Cordulegasteridae), сямейства насякомых атр. стракоз. 2 роды, 19 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. Жывуць булавабрухі ў зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. На Беларусі зрэдку трапляецца булавабрух кольчаты, або вял. кольчатая страказа (Cordulegaster annulatus), занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. брушка булавабруха кольчатага 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку. Крылы празрыстыя, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Яйцы адкладваюць у вільготную глебу. Лічынкі жывуць у праточных водах.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,
спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.
т. 7, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)