ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),
блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
т. 13, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія,
парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),
залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.
А.С.Леанцюк.
т. 1, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)