ШАПІ́ЦЬКА Ларыса Яфімаўна (6.1.1938—2.7.1979),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). Першыя фільмы «Спякота» (1963, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1964) і «Крылы» (1966) выявілі яе аўтарскі почырк — цікавасць да чалавека ў экстрэмальнай, крызіснай сітуацыі, фактурнасць выяўл. рашэнняў. Арыгінальнасцю драматург. прынцыпаў адзначана стужка «Ты і я» (1972). У фільме «Узыходжанне» паводле аповесці В.​Быкава «Сотнікаў» (1977, гал. прэмія і прэмія Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Зах. Берліне) на ваен. матэрыяле даследавала тэму прызначэння чалавека, яго духоўных магчымасцей. Зняла фільмы тэлевізійны «А трынаццатай гадзіне» і кароткаметражны «Радзіма электрычнасці» (абодва 1968). Пра яе мастацтва зняты дакумент. фільм «Ларыса» (1980, рэж. Э.​Клімаў). Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Лариса. М., 1987.

Г.​У.​Шур.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ Павел Архіпавіч (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял. Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.​Салавей, У.​Паўлаў.

Тв.:

Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1986—87.

Літ.:

Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;

Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)