ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),
недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬЧУ́К Уладзімір Мікалаевіч (н. 2.2.1929, г. Гомель),
бел. спявак (цэнтр. бас). Засл. арт. Беларусі (1968). Спяваць пачаў у Ансамблі песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў (г. Гомель). У 1952—96 саліст Дзярж.акад.нар. хору Рэспублікі Беларусь. Валодае моцным, прыгожым, ад прыроды пастаўленым голасам. Упершыню выканаў многія творы бел. кампазітараў (адзін з лепшых выканаўцаў песні «Нёман» Н.Сакалоўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНКО́НІ (Ronconi) Джорджа (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),
італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст.Спяваць вучыўся ў бацькі Д.Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАЛАКУ́ХА»,
старажытны бел.нар. танец; называлі таксама «Талака» (ад звычаю «граць талаку» — весяліцца, спяваць і танцаваць пасля заканчэння талакі). Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Асн. рух танца «талачэнне» — таптанне на месцы з рознымі рытмічнымі прытупамі і драбушкамі. Дзяўчаты ўтваралі паўкруг, тупалі нагамі і падскоквалі, не сыходзячы з месца, размахвалі хусткамі. Саліравала дзяўчына, што стаяла спераду; па ходу танца яна трапляла ў цэнтр круга і запявала. Выконваўся на дажынках. Імітаваў талаку. Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У НАМЕ́РЫ»,
бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕў мовазнаўстве,
від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).
К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміж гал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́Ф (Piaf) Эдзіт [сапр.Гасьён (Gassion) Эдзіт Джавана; 19.12.1915, Парыж — 11.10.1963], французская эстрадная спявачка-шансанье. З 1930 выступала ў кабарэ і эстрадных т-рах, з 1956 у т-ры «Алімпія» ў Парыжы. Валодала багатым адценнямі голасам. Яе выканальніцкую манеру вылучалі экспрэсія ў спалучэнні з прастатой. Стварыла лірычную песню-споведзь, працягвала традыцыю стылю «песнь франц. вуліцы», у які прыўнесла трагічныя матывы, была аўтарам многіх з іх. Знялася ў фільмах «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць», «Фрэнчканкан» і інш. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — На балу удачи. М., 1965;
Книга о себе // Театр. 1965. №1—5.
Лит.: Берто С. Эдит Пиаф: Пер. с фр.М., 1991; Дюкло П., Мартен Ж Эдит Пиаф: Пер. с фр. Смоленск, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЎБІН Юлі (Юдаль Абрамавіч; 15.9.1911, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 30.10.1937),
бел.паэт. У 1921 з бацькамі пераехаў у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Вучыўся ў БДУ (1931—33). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Цюмень, у 1937 зноў арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 і 1957. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...», «Тры паэмы» (абодва 1931), «Мая другая кніга» (1932). Матывы сяброўства, прызначэння паэта і паэзіі ў творах 1920-х г. Рамантычна апяваў сучаснасць (паэма «Таўрыда», 1932). Пераклаў на бел. мову творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага, А.Чэхава і інш.
Тв.:
Выбр. вершы. Мн., 1957;
Вершы. Мн., 1969.
Літ.:
Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971. С. 165—193;
Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. С. 126—137.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕ́КСІЯ (лац. flexio згінанне, выгін),
словазмяняльны афікс, апошняя змяняльная ч. слова, якая замяняецца на іншую пры скланенні, спражэнні слоў. Напр., «зім-а, зім-ы, зім-е, зім-ой», «няс-ём, нес-яце, няс-уць», «бел-ы, бел-ага, бел-аму». Як грамат. фармант Ф. проціпастаўляецца аснове слова: «бязмежн-ы», «узнікн-е». Як фармант рэлятыўны (канчатак) Ф. проціпастаўляецца суфіксу — фарманту дэрывацыйнаму, што не мае сінтакс. значэння: «лес-нік-і, лес-нік-оў, лес-нік-ам». Пры канверсіі сукупнасць Ф. выступае як словаўтваральны сродак. Ф. ўнутраная — чаргаванне гукаў у корані, якое мае словазмяняльнае або словаўтваральнае значэнне: англ. sing — спяваць, sang — спяваў, song — песня; параўн.рус. «воз — вез-ти», бел. «з-бор — з-бір-аць — са-бр-аць — бяр-у». Ф. нулявая — нявыражаны матэрыяльны канчатак, які выяўляецца на фоне рэальных, «непустых» афіксаў: «стол-Ø — стал-а — стал-у», «ног-і — ног-Ø — наг-ам».
Літ.:
Морфологическая структура слова в индоевропейских языках. М., 1970.