НЕ́СЦЕРКА,

герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.​Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЕНРОД (Wallenrod; сапр. Валенродэ; Wallenrode) Конрад фон

(?, Франконія — 20.8.1393),

вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1391). Спрытны дыпламат. Будучы вял. маршалкам ордэна, заключыў у 1382 з польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам на р. Дубіса (Літва) перамір’е, паводле якога ордэн атрымаў зах. частку Жамойціі. З 1388 вял. комтур, з 1391 вял. магістр, імкнуўся процідзейнічаць саюзу Польшчы і ВКЛ. Падтрымліваючы вял. князя літ. Вітаўта супраць Ягайлы, арганізаваў узбр. паходы на землі ВКЛ. Герой аднайм. паэмы А.​Міцкевіча.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕ́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.​Тынтарэта, П.​П.​Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)