Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ,
сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.
Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац. ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).
Літ.:
Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;
Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;
Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.
І.І.Катляр.
т. 15, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ І СВАБО́ДА»,
гл. «Джустыцыя эліберта».
т. 15, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮСТЫ́ЦЫЯ (ад лац. justitia справядлівасць, законнасць),
тэрмін, які азначае ўсю сукупнасць судовых устаноў, іх дзейнасць па ажыццяўленні правасуддзя, а таксама судовае ведамства.
т. 18, кн. 1, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЫ, Горы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіні пораў года: Эўномія («добразаконне»), Дзіке («справядлівасць»), Эйрэна («мір»). Лічыліся дочкамі Зеўса і Феміды, сёстрамі мойраў і харыт. Паводле пашыраных міфаў, О. ўпарадкоўваюць жыццё чалавека, уносяць у яго ўсталяваную перыядычнасць, назіраюць за яго заканамерным рухам. У «Іліядзе» О. сцерагуць воблачную браму Алімпа.
т. 11, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
пастулат спецыяльнай адноснасці тэорыі, паводле якога ў адвольных інерцыяльных сістэмах адліку ўсе фіз. (мех., электрамагн. і інш.) з’явы пры адных і тых жа ўмовах працякаюць аднолькава. Справядлівасць адноснасці прынцыпу вызначае, што станы спакою і раўнамернага прамалінейнага руху не адрозніваюцца паміж сабой. Сфармуляваны ў 1905 А.Эйнштэйнам як абагульненне мех. прынцыпу адноснасці на ўсе фіз. з’явы (за выключэннем гравітацыйных).
т. 1, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫ И ВРЕ́МЯ»,
штотыднёвая грамадска-паліт. і інфарм. газета. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. З вер. 1991 незалежная левая газета, з ліст. 1996 орган КПБ. Паліт. пазіцыя газеты — адраджэнне СССР, пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця. Друкуе афіц. матэрыялы КПБ, руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», інш. левых арг-цый, тэарэт. і публіцыст. артыкулы на актуальныя паліт. тэмы.
Л.Я.Школьнікаў.
т. 11, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖУСТЫ́ЦЫЯ Э ЛІБЕРТА́»
(італьян. «Giustizia e libertā» «Справядлівасць і свабода»),
антыфашысцкі рух італьян. эмігрантаў у Францыі ў 1929—40. Паліт. праграма руху (распрацавана ў 1931) прадугледжвала барацьбу за ўстанаўленне рэспублікі, нацыяналізацыю прам-сці, адм. рэформу і аўтаномію абласцей, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. Меў кантакты з італьян. камуністамі. Лідэры: К.Раселі, Э.Лусу, А.Тарк’яні, А.Чанка і інш. Пасля акупацыі б. ч. Францыі ням.-фаш. войскамі (1940) рух распаўся.
т. 6, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),
гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.
Тв.:
Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.
т. 1, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)