САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),
умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).
А.Б.Савеня.
т. 14, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,
сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.
У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.
Літ.:
Гл. пры арт. Устаўныя словы.
А.І.Наркевіч.
т. 16, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)