жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Блок, М.Рыльскі, Т.С.Эліят, Р.М.Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.Куляшова (цыкл «Маналог»), М.Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.