МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл.гл. таксама да арт.Нацюрморт.