МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ СПАДАРО́ЖНІКАВАЙ СУ́ВЯЗІ (ІНТЭЛСАТ). Створана ў 1973. Яе членамі з’яўляюцца больш за 150 дзяржаў. Умова для ўдзелу ў яе рабоце — членства ў Міжнародным саюзе электрасувязі. Асн. мэта арг-цыі: прадастаўленне на камерцыйнай аснове карыстання спадарожнікамі сувязі і звязаным з імі абсталяваннем, неабходным для забеспячэння высокай якасці і надзейнасці паслуг міжнар. грамадскай карэспандэнцыі ва ўсіх раёнах свету. Кіруючыя органы ІНТЭЛСАТ — Асамблея бакоў, Нарада ўдзельнікаў, Савет кіраўнікоў і Выканаўчы орган. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРСПАДАРО́ЖНІК»,
міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1971 сацыяліст. краінамі, да якіх потым далучыліся інш. краіны (усяго 22 краіны; Беларусь з 1997). Месцазнаходжанне — Масква. «І.» належыць аднайменная сістэма касм. сувязі (рэтрансляцыя тэлевізійных перадач, тэлефонная, факсімільная сувязь і інш.) на аснове ШСЗ«Гарызонт» і «Галс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д «ВЫМЯРА́ЛЬНІК».
Засн. ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. ў 1976. Выкарыстоўвае высокія вытв. і інфарм. тэхналогіі, у т. л. інтэлектуальныя сістэмы мадэліравання і праектавання. Удзельнічае ў стварэнні міжнар.касм. станцыі, у праграме «Марскі старт», бел.-рас. праграме «Космас-БР» і інш.Асн. прадукцыя (2000): сістэмы тэлеметрыі, тэлекамунікацый і спадарожнікавай навігацыі, прылады сувязі ЗВЧ-дыяпазону, сілавая электроніка для энергазберажэння, вырабы мікраэлектронікі, пячатныя платы, касавыя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛСА́Т (англ. INTELSAT ад International Telecommunication Satellites міжнар. сувязныя спадарожнікі),
міжнародная арг-цыя па стварэнні і эксплуатацыі глабальнай камерцыйнай спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1964 у ЗША. З 1973 наз. таксама «ІТСО». У арг-цыю ўваходзяць больш за 140 краін І. належыць аднайм. сістэма касм. сувязі (тэлеф., тэлеграф., факсімільная сувязь, перадача даных і рэтрансляцыя тэлевізійных і гукавых праграм) на аснове аднайм.ШСЗ (24 спадарожнікі, 1997); больш за 200 наземных станцый, больш за 600 ліній сувязі. Рэспубліка Беларусь карыстаецца (на правах арэнды) сістэмай касм. сувязі І. для перадачы сігналаў шматканальнай тэлефаніі і даных сеткі Інтэрнет, магчымы таксама прыём тэлевізійных праграм з ШСЗ І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАДНА́Я СУ́ВЯЗЬ,
перадача і прыём паведамленняў (інфармацыі) з дапамогай эл. сігналаў (электрамагнітных ваганняў), якія распаўсюджваюцца па правадах; адзін з відаў электрасувязі.
У залежнасці ад віду паведамленняў, што перадаюцца, адрозніваюць тэлефонную сувязь, тэлеграфную сувязь, факсімільную сувязь (перадача нерухомых відарысаў, напр., фатаграфій, малюнкаў), кабельнае тэлебачанне і інш. Падзяляюць на далёкую (міжгароднюю, міжнар.) і мясцовую (гар., вясковую), агульнага карыстання і ведамасную (карпаратыўную і ўнутрывытворчую). Для П.с. выкарыстоўваюць падземныя (падводныя) кабелі сувязі, валаконна-аптычныя лініі (гл.Валаконна-аптычная сувязь), узмацняльнікі электронных і аптычных сігналаў, рэгенератары (у лічбавых сістэмах), апаратуру каналаўтварэння (ушчыльнення і падзелу сігналаў), камутатары, маршрутызатары і інш. П.с. спалучаюць з радыёсувяззю і спадарожнікавай сувяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗІЯС ((Penzias) Арна Алан) (н. 26.4.1933, г. Мюнхен, Германія),
амерыканскі астрафізік і спецыяліст у галіне інфарм. тэхналогій. Чл.Нац.АН ЗША (1975), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1974). З 1940 у ЗША. Скончыў Калумбійскі ун-т (1958). З 1961 у н.-д. фірме «Бел тэлефон лаборатарыс» (з 1981 віцэ-прэзідэнт), з 1998 у кампаніі «Нью энтэрпрайс асашыэйтс». Навук. працы па радыёастраноміі, спадарожнікавай сувязі, касмалогіі, хіміі міжзоркавага рэчыва, патэнты ў галіне тэлекамунікацыйных і камп’ютэрных тэхналогій. Адкрыў эксперыментальна разам з Р.В.Вільсанам мікрахвалевае фонавае выпрамяненне (рэліктавае выпрамяненне; 1965) і міжзоркавы дэйтэрый (1973). Нобелеўская прэмія 1978 (з Вільсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Происхождение элементов // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРБІ́ТА»,
сістэма спадарожнікавай сувязі і яе наземных радыёстанцый, створаная ў былым СССР. Эксплуатуецца з 1965 на базе ШСЗ«Маланка», з 1980-х г. выкарыстоўваюцца таксама ШСЗ«Вясёлка» і «Гарызонт»; мае прыёмна-перадавальныя і прыёмныя радыёстанцыі. Ажыццяўляе рэтрансляцыю праграм тэлебачання, тэлеф., тэлеграф, і фотатэлеграф, сувязь.
Тыповая прыёмная станцыя мае антэну з парабалічным адбівальнікам дыяметрам 12 м, якая пры дапамозе паваротнай сістэмы суправаджае спадарожнік сувязі з высокай дакладнасцю (да некалькіх вуглавых мінут). Радыёсігналы выпрамяняюцца перадавальнай станцыяй у напрамку спадарожніка, прымаюцца ім, узмацняюцца і перадаюцца на Зямлю. Прынятыя і ўзмоцненыя (да 10 млн. разоў) прыёмнай станцыяй сігналы перадаюцца ў эфір. Працягласць сеансаў радыёсувязі праз адзін ШСЗ «Маланка» 6—10 гадз за суткі. Пры выкарыстанні 3 і болей ШСЗ, рух якіх сінхранізаваны, дасягаецца кругласутачная радыёсувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧКА́САЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 19.6.1955, г. Новасібірск, Расія),
бел. архітэктар. Скончыў Новасібірскі інж.буд.ін-т (1978). Працаваў у Новасібірску. З 1981 у г. Бабруйск Магілёўскай вобл. ў майстэрні ін-та «Магілёўграмадзянпраект», нам.гал. архітэктара, гал. архітэктар горада, з 1990 у Дзяржбудзе Беларусі, з 1992 дырэктар ін-та «Мінскграмадзянпраект», у 1994 гал. архітэктар Мінска, з 1994 — нам. міністра архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: у Бабруйску — генплан горада, будынкі адміністрацыйны, аўтавакзала, жылы раён Крывы Крук, рэканструкцыя пл. Перамогі (усе 1980-я г.); жылы гарадок «Рось» у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1993—97, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), рэсп. цэнтр спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт» у г. Смалявічы Мінскай вобл. (1995), рэканструкцыя цэнтра г. Шклоў Магілёўскай вобл. (1999), жыллёвы комплекс «Алімпійскі» (буйнапанэльныя дамы з мансардамі) па праспекце Машэрава ў Мінску (2000, будуецца; кіраўнік аўтарскага калектыву).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІБЕРНЕ́ТЫКА»,
навукова-даследчае аб’яднанне Нац.АН Беларусі. Утворана 27.6.1996 на базе Інстытута тэхнічнай кібернетыкі і яго навукова-інж. цэнтраў з мэтаю правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне кібернетыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. У склад «К.» ўваходзяць: Ін-ттэхн. кібернетыкі; навукова-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, стварэнне, развіццё і эксплуатацыя навукова-інфарм. камп’ютэрнай сеткі ў Рэспубліцы Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне геаінфарм. сістэм, комплексаў і тэхналогій апрацоўкі спадарожнікавай інфармацыі, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, аўтаматызаваных картаграфічных сістэм і комплексаў); інж. прадпрыемства «Навуковае прыборабудаванне» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, выраб, укараненне і тыражаванне праграмна-тэхн. комплексаў для аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў у розных галінах нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» (асн. кірункі дзейнасці: стварэнне камп’ютэрных тэхналогій праектавання і вытв-сці новых вырабаў і аўтаматызаваных рабочых месцаў; камп’ютэрнае мадэляванне ў інтэлектуальных і вытв. сферах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),
сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л.спадарожнікавай сувязі.
Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.