«АРБІ́ТА»,
сістэма спадарожнікавай сувязі і яе наземных радыёстанцый, створаная ў былым СССР. Эксплуатуецца з 1965 на базе ШСЗ «Маланка», з 1980-х г. выкарыстоўваюцца таксама ШСЗ «Вясёлка» і «Гарызонт»; мае прыёмна-перадавальныя і прыёмныя радыёстанцыі. Ажыццяўляе рэтрансляцыю праграм тэлебачання, тэлеф., тэлеграф, і фотатэлеграф, сувязь.
Тыповая прыёмная станцыя мае антэну з парабалічным адбівальнікам дыяметрам 12 м, якая пры дапамозе паваротнай сістэмы суправаджае спадарожнік сувязі з высокай дакладнасцю (да некалькіх вуглавых мінут). Радыёсігналы выпрамяняюцца перадавальнай станцыяй у напрамку спадарожніка, прымаюцца ім, узмацняюцца і перадаюцца на Зямлю. Прынятыя і ўзмоцненыя (да 10 млн. разоў) прыёмнай станцыяй сігналы перадаюцца ў эфір. Працягласць сеансаў радыёсувязі праз адзін ШСЗ «Маланка» 6—10 гадз за суткі. Пры выкарыстанні 3 і болей ШСЗ, рух якіх сінхранізаваны, дасягаецца кругласутачная радыёсувязь.
т. 1, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)