АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНЕР (Эдзі) (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч (26.5.1910, Берлін — 8.8.1976),
джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Берліне (1929). Валодаў віртуознай ігрой на трубе. З 1933 кіраўнік створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 у Польшчы; працаваў у аркестры Ю.Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. З 1939 у СССР. У 1940 кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 рэпрэсіраваны. У 1954 рэабілітаваны. Кіраваў эстр. аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам Гомельскай абл. філармоніі. З 1972 у Зах. Берліне. Аўтар шматлікіх папулярных песень, танц. мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне»). Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі.
Літ.:
Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998. №1—8;
Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54;
Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993.
Я.З.Басін.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б. СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш. Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач. Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Я.З.Басін.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)