ЛО́КУС (лац. locus месца),

месцазнаходжанне пэўнага гена на генетычнай або цыталагічнай карце храмасомы. Адлегласць паміж генамі вымяраецца ў адзінках красінговера (марганідах). Храмасома падзяляецца на кароткае і доўгае плячо; кожнае плячо падзяляюць на раёны, якія нумаруюць ад цэнтрамеры. Складаны Л. утвараецца цесна счэпленымі, незалежна дзеючымі генамі. Вітальны Л. — сукупнасць жыццёва важных генаў, пры элімінацыі або мутацыі якіх узнікае смяротны (лятальны) вынік.

Р.​Г.​Заяц.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРА,

у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА НАТУРА́ЛЬНАЯ,

вострая інфекц. хвароба чалавека віруснага паходжання. Вірус перадаецца праз паветра (кашаль, пыл) і размнажаецца ў эпітэліяльных клетках скуры, слізістых абалонак. Інкубацыйны перыяд 10—12 дзён. Павышаецца т-ра, моцная інтаксікацыя, пашкоджваюцца сасуды, на скуры і слізістых абалонках з’яўляюцца пухіркі (воспіны) і гнайнічкі. Пухіркі падсыхаюць і адпадаюць, на іх месцы застаюцца рубцы. Часта зыход смяротны. Пакідае пасля сябе імунітэт, папярэджваецца воспапрышчэпліваннем (гл. ў арт. Вакцынапрафілактыка). На Беларусі, як і ў інш. краінах свету, хвароба ліквідавана.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́ЎСКІ (Станіслаў Іванавіч) (12.2.1839, Варшава — ?),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З 1858 вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, адзін з кіраўнікоў рэв. студэнцтва. У жн. 1861 удзельнічаў у с.-г. з’ездзе ў Горках. З сак. 1863 паўстанцкі начальнік г. Горкі. У ноч на 6.5.1863 паўстанцы на чале з Л.М.Звяждоўскім і Віскоўскім захапілі Горкі. Удзельнічаў у баявых дзеяннях Горацкага паўстанцкага атрада. Пераканаўшыся ў бесперспектыўнасці ўзбр. паўстання, склаў зброю. У час следства знаходзіўся ў Магілёве і Вільні. Смяротны прыгавор заменены 12-гадовай катаргай у Сібіры. У канцы 1870-х г. жыў у Іркуцку.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),

дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КА ((Baka) Юзаф) (18.3.1707, Міншчына — 2.5.1780),

польскі паэт, каталіцкі прапаведнік. Сын мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі. У 1740-я г. жыў у Мінску. Потым вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Паэт. зб. «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго 2-я частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у 19 ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсёмагутнасць смерці блізкая да нігілізму. Стыль Бакі выкарыстоўвалі В.​Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У.​Сыракомля («Наследаванне Баку»).

Літ.:

Nawarecki A. Czarny karnawał: «Uwagi śmierci niechybney» księdza Baki – poetyka tekstu i paradoksy recepcji. Wrocław etc., 1991.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)