КАЎЗАЛГІ́Я (ад грэч. kausis смыленне, пякота + algas боль),

цяжкі балявы болевы* сіндром у чалавека, што развіваецца пры траўмах (пераважна раненнях) перыферычных нервовых ствалоў сярэдзіннага і вялікабярцовага нерваў. Характарызуецца інтэнсіўнымі пякучымі болямі скуры, сасударухальнымі і трафічнымі парушэннямі ў зоне інервацыі пашкоджанага нерва. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., хірург. апрацоўка раны.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТАТЫ́Т,

запаленне прастаты. Абумоўлены ганакокавай, стафіла- і стрэптакокавай інфекцыяй, трыхаманадамі і інш. Часта спалучаецца з везікулітам, урэтрытам, у пажылым узросце з адэномай прастаты. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Сімптомы вострага: смыленне ў мочаспускальным канале, частае мочаспусканне, дамешкі гною ў мачы. Пры хранічным П. тупы боль у прамежнасці, парушэнне палавой функцыі. Лячэнне тэрапеўт., пры ўтварэнні абсцэсу — хірургічнае.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДНЕРЭЛЁЗ, бактэрыяльны вагіноз,

бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГІНІ́Т (ад лац. vagina похва + ...іт),

кальпіт, запаленчы працэс сценак похвы. Прычына вагініту — парушэнні трофікі тканак похвы, абумоўленыя мясцовымі (хім., мех. пашкоджанні) і агульнымі (эндакрынныя расстройствы, інфекц. хваробы, хваробы абмену рэчываў) фактарамі. Найчасцей бывае серозны (гнойны) вагініт. Сімптомы і прыкметы: патаўшчэнне і пачырваненне слізістай абалонкі (магчымы эразійныя працэсы), выдзяленні з похвы, т-ра. Запаленне можа быць. другасным пры запаленчых працэсах маткі, прыдаткаў. Сенільны (узроставы) вагініт развіваецца ў перад- і пасляменструальны перыяды. Трыхаманіядны вагініт выклікаецца похвеннай трыхаманадай. Прыкметы: выдзяленні вадкія, жаўтаватага колеру, сверб, смыленне, прэласць скуры вонкавых палавых органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вагініт у жывёл бывае пры траўмах похвы, а таксама калі ў слізістую абалонку трапляюць хваробатворныя мікраарганізмы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСІ́Т (ад грэч. glōssa язык + ...іт),

запаленне языка. Прычыны хваробы: інфекцыі, паталогія ўнутр. органаў, кроваўтваральнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць гласіт дэскваматыўны, геаграфічны, складкаваты, чорны (валасаты) язык, ромбападобны гласіт.

Пры дэскваматыўным гласіце бывае смыленне, сверб языка, ярка-чырвоныя палосы і плямы. Для геагр. гласіту характэрна чаргаванне на языку ярка афарбаваных участкаў з арагаваннем смакавых сасочкаў (падабенства да геагр. карты). Складкаваты язык — прыроджаная анамалія формы і памераў языка (глыбокія падоўжаныя або папярочныя складкі). Чорны язык найчасцей бывае ў мужчын (на спінцы і ў цэнтры языка ніткападобныя сасочкі падаўжаюцца і набываюць светла-карычневы ці чорны колер). Ромбападобны гласіт (прыроджаная паталогія развіцця языка) — участак слізістай абалонкі языка ромбападобнай формы, не мае смакавых сасочкаў. Лячэнне: устараненне прычын, што выклікаюць гласіт; ромбападобны гласіт і складкаваты язык лячэння не патрабуюць.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)