АЗАЎСКІ́Т

(ад назвы Азоўскага мора),

мінерал. Агрэгаты шчыльныя, уключэнні, лускавінкі, сеткаватыя пражылкі. Колер цёмна-буры. Бляск смалісты. Цв. 4. Крохкі. Лёгка раствараецца ў салянай і азотнай кіслотах.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДЫНІ́Т,

мінерал класа ванадатаў, хлорванадат свінцу, Pb5[Cl/(VO4)3]. Прымесі кальцыю, фосфару, мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, пупышкападобныя і зямлістыя масы. Колер чырвоны, карычневы, жоўты. Бляск смалісты да паўалмазнага. Цв. 2,75—3. Шчыльн. 6,9 г/см³. Трапляецца ў зонах акіслення свінцовых радовішчаў. У вял. скопішчах — ванадыевая руда (радовішча Берг-Аўкас, Намібія).

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́Т

(ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬФЕНІ́Т

(ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),

мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮРЦЫ́Т

(ад прозвішча франц. хіміка Ш.А.Вюрца),

мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Прымесі жалеза, кадмію, германію, марганцу і інш. Паліморфная мадыфікацыя ZnS гексаганальнай сінганіі. Крышталі дробныя пірамідальныя, радзей таблітчастыя. Агрэгаты радыяльна-прамянёвыя, слаістыя, каламорфныя. Колер ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага і амаль чорнага. Бляск смалісты. Цв. 3,4—4. Шчыльн. 4 г/см³. У асноўным гідратэрмальны мінерал. Трапляецца таксама ў асадкавых пародах, у сідэрытавых і гліністых канкрэцыях. Руда цынку, іншы раз кадмію.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́Т

(ад грэч. orthos прамы, правільны),

аланіт, рэдказямельны мінерал класа сілікатаў, аналаг эпідоту, Ce2Fe2AlO(OH)[SiO4] [Si2O7]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, таблітчастыя, агрэгаты зярністыя. Колер чорны, буры. Бляск смалісты. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 3,3—4,2 г/см³. Радыеактыўны. У прыродзе трапляецца рэдка. Акцэсорны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Часта метаміктны. На Беларусі як акцэсорны мінерал выяўлены ў пародах крышт. фундамента. Сыравіна для атрымання рэдказямельных элементаў (цэзію, ітрыю і інш.). Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту парод свінцовым метадам.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н

(ням. Bernstein),

янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)