Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПІРА́ТАР,
1) у медыцыне апарат для адсмоктвання ці нагнятання вадкасцяў. Выкарыстоўваецца таксама пры хірург. аперацыях, для выдалення слізі з бронхаў, вадкасці з плеўральнай поласці, у гінекалогіі, уралогіі, пры пульверызацыі, анестэзіі і інш. 2) У тэхніцы — прыстасаванне для адбору пробаў паветра, каб зрабіць аналіз яго саставу і запыленасці асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў горнай, металург. і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАЦЫ́М (ад лізіс + zymē закваска),
мурамідаза, фермент класа гідралаз; разбурае абалонку бактэрыяльнай клеткі (лізіс). Бялок, малекулярная маса каля 14 000, функцыянуе як антыбактэрыяльны бар’ер. Адкрыты ў 1922 А.Флемінгам у слізі з поласці носа. Выяўлены ў многіх тканках і вадкасцях чалавечага арганізма (храстках, селязёнцы, лейкацытах, слязах), у раслінах, бактэрыях і фагах, найб. у яечным бялку. Першы фермент, для якога ўстаноўлена трацічная структура. Прэпарат Л. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЬ (Tinca tinca),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца ўсюды, пераважна ў азёрах і поймавых вадаёмах.
Даўж. да 60 см, маса да 1 (рэдка да 7,5) кг. Цела шырокае і тоўстае з кароткім хваставым сцяблом, укрыта дробнай луской і густым слоем слізі. Спіна цёмна-зялёная, бакі бурыя з залацістым бляскам, плаўнікі цёмна-шэрыя. Корміцца доннымі беспазваночнымі і раслінамі. Аб’ект развядзення і промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́Р (ад грэч. katarrheō працякаю, сцякаю),
катаральнае запаленне, запаленне слізістых абалонак з пачырваненнем, набраканнем, ацёкам і выдзяленнем вадкасці (эксудату). Эксудат бывае празрысты (серозны К.), з прымессю слізі (слізісты К.) і гною (гнойны К.). Прычына К. — бактэрыяльная ці вірусная інфекцыя (катар верхніх дыхальных шляхоў), патагенныя грыбы (напр., каліт). К. страўніка (устарэлая назва гастрыту) развіваецца пры няправільным харчаванні, злоўжыванні алкаголем, курэннем. Вострая форма К. пры несвоечасовым лячэнні можа перайсці ў хранічнае запаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНТЫДЫЁЗ, балантыдыяз,
інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз.аэрэнхімай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,
гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАХАРЫ́Я (ад зоа... + харыя),
пашырэнне дыяспораў (зачаткаў раслін і грыбоў, іх спораў, пладоў і насення) жывёламі. Адрозніваюць эпізоахарыю — пасіўны перанос дыяспор на целе жывёлы з брудам, глеем або з дапамогай спец. прыстасаванняў (зачэпкі, шыпікі, шчацінкі і інш.), слізі або ліпкіх рэчываў; эндазоахарыю — пашырэнне праз стрававальную сістэму жывёл, пры гэтым дыяспоры не пашкоджваюцца, але зрэдку набываюць лепшую ўсходжасць (напр., у бружмелю, брызгліны, вішні, граната) і сінзоахарыю — актыўнае пашырэнне дыяспор, звязанае з назапашваннем корму жывёламі (бурундук, вавёрка, кедраўка, лясная мыш, сойка і інш.). Асобны выпадак сінзоахарыі — мірмекахарыя.