Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,
асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),
Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.
угнаенні з арган. рэчываў і звязаных з імі хімічна ці адсарбцыйна мінер. злучэнняў. Атрымліваюць апрацоўкай гумінавых кіслот ці матэрыялаў, у якіх яны ёсць (торф, буры вугаль, сланец, глей, перагной), аміякам, аміячнай вадой, аміячнымі растворамі фасфатаў, фосфарнай к-той, калійнымі солямі. Маюць розны састаў і назву: гумафос, гумафоска, торфа-аміячныя ўгнаенні, гуматы натрыю, амонію і інш.Найб. пашыраны торфа-мінеральныя і торфа-аміячна-мінер. ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],
гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.