СЛА́НЦЫ,

метамарфічныя горныя пароды з арыентаваным размяшчэннем састаўных мінералаў, здольныя расколвацца на тонкія пласціны. Для іх характэрна сланцаватасць, дробназярністасць, наяўнасць рэліктавых тэкстур і структур, прысутнасць нізкатэмпературных мінералаў. Паводле зыходных парод адрозніваюць ортасланцы (узніклі пры метамарфізме магматычных парод) і парасланцы (з асадкавых парод). Адносна ступені метамарфізму вылучаюць С. глыбокаметамарфізаваныя, або крышт. (амфібаліты, гнейсы, слюдзяныя і інш.) і С. слабаметамарфізаваныя (гліністы сланец, карбанатныя, крамяністыя, вуглістыя, бітумінозныя і інш). На Беларусі пашыраны гаручыя сланцы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)