КАРНА́К (стараж.-егіп. Іпет-Ісут),

комплекс храмаў 20 ст. да н.э. — канца 1-га тыс. да н.э. на тэрыторыі стараж. г. Фівы і гал. дзярж. свяцілішча ў перыяд Новага царства ў Егіпце. Вылучаўся складанай планіроўкай гіганцкіх арх. мас, пышным убраннем. Храм бога Амона-Ра (16—12 ст. да н.э., дабудоўваўся ў эліністычны і рым. перыяды) — чаргаваныя па падоўжнай восі вял. і малыя залы, двары з рознымі па часе ўзвядзення капэламі і храмікамі. Гал. славутасць К. — грандыёзная шматкалонная гіпастыльная зала з каляровымі рэльефамі на сценах і калонах. Кожны вял. буд. перыяд завяршаўся ўзвядзеннем вакол храма сцяны з 2 пілонамі на фасадзе, фланкіраванымі статуямі і абеліскамі. У комплексе храмы бога Хансу (12 ст. да н.э.), багіні Мут (16—15 ст. да н.э.), алея сфінксаў. Сярод дойлідаў К. — Аменхатэп Малодшы.

Калоны гіпастыльнай залы ў Карнаку.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАНД (Holland) Ян Давід (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),

польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.​Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.​Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;

Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)