ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА (ад лац. verbalis славесны),

дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),

1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.

2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.

3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),

1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.

2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).

3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)