Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
А.Ф.Рогалеў.
т. 5, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСНЯЦО́Ў (Апалінарый Міхайлавіч) (6.8.1856, в. Рабава Кіраўскай вобл., Расія — 23.1.1933),
рускі жывапісец і графік. Акад. Пецярбургскай АМ (1900). Вучыўся ў брата В.М.Васняцова, В.Дз.Паленава, І.Я.Рэпіна. Чл. Т-ва перасоўнікаў (з 1889). З 1903 узначальваў «Саюз рускіх мастакоў». Аўтар манум. эпічных пейзажаў і серый, гіст. палотнаў, прысвечаных старадаўняй Маскве, Падмаскоўю, Уралу і інш. Асн. творы: «Радзіма» (1886), «Змярканне» (1889), «Сібір» (1894), «Вуліца ў Кітай-горадзе. Пачатак 17 стагоддзя» (1900), «Возера» (1902), «Красная плошча ў 2-й палове 18 стагоддзя» (1925) і інш. Вядомы таксама як археолаг, педагог і тэарэтык мастацтва. У Нац. маст. музеі Беларусі яго карціны: «Веснавая цішыня» (1881), «Дняпро перад бурай» (1888), «Горнае возера. Урал» (1892), «Скіт» (1901?) і інш.
Літ.:
Васнецов В.А. Страницы прошлого. Л., 1976.
т. 4, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАІЕРУСАЛІ́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Васкрасенскі манастыр,
архітэктурны комплекс 17 ст. ў г. Істра Маскоўскай вобл. Засн. ў 1656 патрыярхам Ніканам як падмаскоўная рэзідэнцыя патрыярха. У 17 ст. буйны культ. цэнтр. У ансамблі манастыра: Васкрасенскі сабор (1656—85, пабудаваны паводле плана храма Саламона ў Іерусаліме; у аздабленні сабора шырока выкарыстаны паліхромная кафля бел. майстроў І.Максімава, С.Палубеса, П.Заборскага, рэльефная разьба па дрэве К.Міхайлава і інш.), скіт Нікана (1658). трапезныя і бальнічныя палаты (1686), цэрквы Раства Хрыстова і Трохсвяціцельская, палац царэўны Таццяны Міхайлаўны. брацкія карпусы (усе 1686—98). каменная агароджа з шатровымі вежамі і «Святая брама» з надбрамнай царквой (1690—97, дойлід Я.Бухвостаў) і інш. У 1918 манастыр закрыты. З 1935 — Маскоўскі абл. краязнаўчы музей. У 1941 комплекс разрабаваны і спалены ням.-фаш. захопнікамі. На яго тэрыторыі створаны гіст.-маст. музей. Знаходзіцца на рэстаўрацыі (2000).
т. 11, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)