Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКІДу геалогіі,
тэктанічны разрыў з вертыкальнай або стромка нахіленай плоскасцю зруху горных парод, дзе вісячы блок апушчаны адносна ляжачага ці ляжачы ўзняты адносна вісячага. Утвараюцца пераважна ва ўмовах расцяжэння зямной кары (С. расцяжэння). Амплітуды С. дасягаюць 1 км і больш (у рыфтах). Адрозніваюць С. сколвання, адколвання (развіваюцца з трэшчын), гравітацыйная (на месцы асядання ўчасткаў зямной кары і інш.). Парнае спалучэнне С. утварае скідавыя ўпадзіны — грабены і выступы — горсты. Гл. таксама Ускід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад дынама... + метамарфізм),
структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).