Скрыпень 9/565

- » - балотны 9/565 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПЕНЬ (Epilobium),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмерана цёплых абласцях. На Беларусі 11 відаў. Найб. вядомыя С.: балотны (E. palustre), валасісты (E. hirsutum), горны (E. montanum), драбнакветкавы (E. parviflorum), жылкаваты (E. nervosum). Трапляюцца на высечках, лясных палянах, уздоўж дарог.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы густа ўкрытыя лісцем, цыліндрычныя, малагалінастыя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае. Кветкі ружовыя, чырв., белыя, у доўгай канцавой гронцы або ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Дэкар., лек., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скрыпень: 1 — валасісты; 2 — горны; 3 — балотны.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФІ́ЛЫ [ад нітр... + філ(ы)],

арганізмы, якія лепш растуць на глебах, багатых злучэннямі азоту. Сярод раслін — грыбы, імхі, крапіва, лебяда, лён, маліны, пшаніца, скрыпень, сланечнік і інш.; сярод жывёл — жгуцікавыя роду нанахлорыс і інш.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.

Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2) М., 1981.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ, меданосы,

кветкавыя расліны, з якіх у перыяд цвіцення пчолы збіраюць нектар і кветкавы пылок; кармавая база пчалярства. Класіфікуюцца па часе цвіцення (веснавыя, летнія, асеннія), форме росту (дрэвавыя, кустовыя, кусцікавыя, травяністыя), характары выкарыстання пчоламі (нектараносы, пылканосы, нектарапылканосы), пераважных месцах росту (лясныя, лугавыя, палявыя, садовыя і інш.), гасп. прыналежнасці (зернебабовыя, кармавыя, крупяныя, пладовыя, спец. меданосы і інш.), нектарапрадукцыйнасці. Большасць М.р. — нектарапылканосы. Найб. каштоўныя М.р. даюць шмат нектару і пылку, даступных для пчол, маюць вял. колькасць кветак, доўгі перыяд цвіцення, найб. пашыраны. На Беларусі М.р. характарызуюцца разнастайнасцю (каля 600 відаў) і нераўнамерным размеркаваннем. З культурных М.р. найб. каштоўныя: грэчка, канюшына, сырадэля, баркун, рутвіца, сланечнік, агурок, пладовыя, ягадныя культуры; з лясных і паркавых дрэў і кустоў — ліпа, клён, вярба, крушына, рабіна, бружмель, маліны, каліна, верас; з дзікарослых траў — іван-чай, расходнік, чабор, шалфей, чальчак, дзьмухавец, мята і інш.

В.​І.​Сапега.

Меданосныя расліны: 1 — грэчка; 2 — клён; 3 — верас; 4 — маліны; 5 — канюшына; 6 — скрыпень.

т. 10, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)