НЕЎРАСТЭНІ́Я (ад неўра... + астэнія),

форма неўрозу, які характарызуецца павышанай узбуджальнасцю і хуткай знясіленасцю нерв. сістэмы, эмаиыянальнай няўстойлівасцю, вегетатыўнымі зменамі. Звычайна ўзнікае пасля працяглых псіхатраўмуючых сітуацый у сям’і, на рабоце, таксама на фоне ператамлення і саматычных хвароб. Адрозніваюць 2 формы Н.: гіперстэнічную (раздражняльную), пераважна ў дзяцей і гіпастэнічную (дэпрэсіўную), часцей ва ўзросце 45—60 гадоў. Хворыя на Н. нецярплівыя, скардзяцца на зніжэнне памяці. у іх неадэкватныя рэакцыі на гучную размову, яркае святло, скрып дзвярэй і да т.п., могуць з’яўляцца ўспышкі гневу, грубасці. Пры Н. ўзнікае галаўны боль сціскаючага характару (сімптом неўрастэнічнай каскі Шарко), боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, сухасць у роце і інш. Лячэнне фіта-, фізія-, псіхатэрапія, іголкарэфлексатэрапія.

Літ.:

Дмитриева И.В., Дмитриева Т.Н. Лекарственные растения в лечении нервных расстройств. Н. Новгород, 1994;

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996.

Г.Г.Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.П.Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)