Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́З (ад грэч. sklerōsis зацвярдзенне),
паталагічнае ўшчыльненне тканкі ці органа, выкліканае гібеллю функцыян. элементаў і заменай іх злучальнай тканкай. Бывае С. дыфузны (агульнае пашкоджанне органа) і ачаговы (частковае пашкоджанне). Адрозніваюць атэрасклероз, кардыясклероз, С. нырак (нефрасклероз), лёгкіх (пнеўмасклероз), печані (цыроз печані). Асобная форма С. — рассеяны склероз.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Множны склероз, гл. Рассеяны склероз
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рассеяны склероз 2/348; 3/304; 9/125, 558; 10/19
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯНЫ СКЛЕРО́З, множны склероз,
хранічнае захворванне галаўнога мозга і спіннога мозга. Характарызуецца разбурэннем міэлінавай абалонкі, якая абкружае адросткі нерв. клетак, і ўтварэннем множных мікранекрозаў у нерв. тканцы. Праявы Р.с.: нарастаючая слабасць у ніжніх канечнасцях з парушэннем каардынацыі рухаў, адсутнасць брушных рэфлексаў, парушэнне маўлення, зніжэнне зроку, затрымка і нетрыманне мачы. Р.с. няўхільна прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАДЭРМІ́Я, дэрматасклероз,
пашкоджанне скуры, якое характарызуецца яе дыфузным або абмежаваным ушчыльненнем з далейшым развіццём фіброзу і атрафіі пашкоджаных участкаў.
Адрозніваюць ачаговую (пашкоджваецца толькі скура) і сістэмную С. (пашкоджваецца скура, слізістыя абалонкі, унутр. органы). Пры ачаговай С. вылучаюць 3 стадыі: ацёкавая эрытэма (пачырваненне скуры), склероз (скура шчыльная, колеру слановай косці) і атрафія са стратай валасоў. Лячэнне комплекснае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 14, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРАСКЛЕРО́З (ад грэч. nephros нырка + склероз),
хвароба нырак, пры якой парэнхіма ныркі замяшчаецца злучальнай тканкай, што вядзе да зацвярдзення і зморшчвання ныркі і парушэння яе функцый. Узнікае ад атэрасклерозу дробных артэрый (артэрыёл). пры цяжкіх формах гіпертанічнай хваробы (першасна зморшчаная нырка), ад хранічнага нефрыту і піеланефрыту і інш. хвароб (другасна зморшчаная нырка). Прыкметы: нізкая ўдз.в. мачы, выдаленне з мачой бялку, крыві, урэмія; у цяжкіх выпадках — нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт., у цяжкіх выпадках хірургічнае.
т. 11, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНО́ВІЧ (Антаніна Лаўрэнцьеўна) (н. 15.1.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1972). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1951). З 1961 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1973—91 заг. кафедры), з 1992 у Мінскім наркалагічным дыспансеры. Навук. працы па патагенезе, дыягностыцы і лячэнні рассеянага склерозу, першапачатковых энцэфаламіэлітаў, полірадыкуланеўрытаў; класіфікацыі, прафілактыцы і лячэнні неўралагічных ускладненняў сіндрому алкагольнай залежнасці.
Тв.:
Рассеянный склероз. М., 1976 (разам з Д.А.Маркавым);
Невропатология: Справ. пособие. Мн., 1996 (разам з В.У.Казаковай).
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАСКЛЕРО́З (ад грэч. pneumon лёгкія + склероз),
разрастанне злучальнай тканкі лёгкіх з памяншэннем аб’ёму і парушэннем іх функцыі. Адрозніваюць П. ачаговы і дыфузны (перываскулярны і перыбранхіяльны). Ачаговы П. развіваецца ў ачагах спадзення лёгачнай тканкі, узнікае пры хранічным венозным застоі крыві (напр., парокі сэрца) і з’яўляецца вынікам хранічнай гіпаксіі. Дыфузны П. — пры хранічных бранхітах, бранхіяльнай астме. Прыкметы ачаговага — кашаль з макротай, дыфузнага — тыя ж, задышка, цыяноз. П. — адна з важнейшых марфал. прыкмет хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх, пнеўмаканіёзаў, венознай гіперэміі ў лёгачнай тканцы. Лячэнне комплекснае.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)