СКЛАДА́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, якое дае магчымасць па дадзеных цэлых дадатных ліках a і b (складаемыя) знайсці новы лік c (сума), у якім столькі адзінак, колькі іх маюць складаемыя: c = a + b.

С. лікаў уласцівы асацыятыўнасць: (a + b) + c = a + (b + c) і камутатыўнасць: (a + b) = (b + a). С. дастасавальна для адвольных сапраўдных лікаў, камплексных лікаў, а таксама да вектараў, матрыц, мностваў.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. compilatio абрабаванне),

складанне твораў (часцей літ., навук.) на аснове вядомых прац і вынікаў без самаст. апрацоўкі крыніц; работа, атрыманая такім метадам і без спасылкі на аўтараў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУТАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. commutatus змяненне, пераўтварэнне),

перастаўляльнасць, уласцівасць бінарнай матэм. аперацыі, якая выражаецца тоеснасцю a*b = b*a. Камутатыўныя складанне і множанне лікаў, паліномаў, скалярнае множанне (гл. Вектарнае злічэнне) вектараў і інш. Тэрмін «К.» уведзены франц. матэматыкам Ф.​Сервуа (1815).

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТРЫБУТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. distributivus размеркавальны),

уласцівасць, якая звязвае складанне і множанне лікаў і выражаецца формулай (a + b + ... + c)m = am + bm + ... + cm. У агульным выпадку Д. аператара T адносна некаторага дзеяння x⊗y выражаецца формулай T(x⊗y) = T(x)⊗T(y). Напр., падвышэнне да ступені дыстрыбутыўна адносна множання [(ab)​n = a​nb​n].

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ФУНКЦЫЯНА́Л,

абагульненне паняцця лінейнай формы на лінейныя прасторы Л.ф. f на лінейнай наміраванай прасторы E наз. лікавая функцыя f(x), якая вызначана для ўсіх x з E і мае ўласцівасці неперарыўнасці і лінейнасці. Сукупнасць усіх Л.ф. дадзенай прасторы пераўтвараецца ў лінейную нарміраваную прастору, калі вызначыць натуральным чынам складанне Л.ф. і іх множанне на лікі. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца дзеянні над вектарамі і іх уласцівасці. Яго развіццё ў 19 ст. выклікана патрэбамі механікі і фізікі. Пачалося з даследаванняў У.​Гамільтана і Г.​Грасмана па гіперкамплексных ліках. Падзяляецца на вектарную алгебру і вектарны аналіз.

Вектарная алгебра разглядае лінейныя дзеянні над вектарамі (складанне, адніманне вектараў, множанне вектараў на лік), а таксама скалярны здабытак, вектарны здабытак і змешаны здабытак вектараў. Сума a→ + b→ вектараў a→ і b→ — вектар, праведзены з пачатку a→ да канца b→, калі канец a→ і пачатак b→ супадаюць. Складанне вектараў мае ўласцівасці: a→ + b→ = b→ + a→ ; ( a→ + b→ ) + c→ = a→ + ( b→ + c→ ) ; a→ + 0→ = a→ ; a→ + (−a→) = 0→ ; дзе 0→ — нулявы вектар, −a→ — вектар, процілеглы вектару a→ (гл. Асацыятыўнасць, Камутатыўнасць). Рознасць a→−b→ вектараў a→ і b→ — вектар x→ такі, што x→ + b→ = a→ ; рознасць a→−b→ ёсць вектар, які злучае канец вектара b→ з канцом вектара a→, калі яны адкладзены з аднаго пункта. Здабыткам вектара a→ на лік α наз. вектар α a→, модуль якога роўны | α ‖ a→ | і які накіраваны аднолькава з вектарам a→, калі α > 0, і процілеглы пры α < 0. Калі α = 0 ці a→=0→, то α a→ = 0→. Уласцівасці множання вектара на лік: α ( a→ + b→ ) = αa→ + αb→ ; ( a→ + b→ ) α = a→ α + b→ α ; α ( β a→ ) = ( α β ) a→ ; 1 ∙ a→ = a→ . Пры каардынатным заданні вектараў розным дзеяннем над вектарамі адпавядаюць дзеянні над іх каардынатамі. У вектарным аналізе вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў і дыферэнцыяльныя аперацыі над гэтымі функцыямі (гл., напр., Градыент, Дывергенцыя).

А.​А.​Гусак.

Да арт. Вектарнае злічэнне: 1 — складанне вектараў; 2 — адніманне вектараў.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак, якія колькасна і якасна характарызуюць пэўны від прыродных рэсурсаў (або прыроднае асяроддзе) з мэтай іх вывучэння, уліку і планавання выкарыстання. Змяшчае фіз.-геагр. характарыстыкі мясцовасці, класіфікацыю, дынаміку, ступень даследаванасці рэсурсаў, сац.-эканам. ацэнку і інш. Складанне П.р.к. — капітала- і навукаёмістае мерапрыемства. На Беларусі складаюцца П.р.к.: водны, зямельны, лясны, кліматычны, атм. паветра, нетраў, жывёльнага і расл. свету, тарфянога фонду, адходаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)