Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПА́ (Pandion haliaëtus),
драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́РЫЦ (Müritz),
возера ў Германіі, самае вял. ў Мекленбургскім паазер’і. Пл. 117 км². Глыб. 33 м. Катлавіна ледавіковага паходжання. Размешчана паміж градамі марэн, злучана пратокамі з суседнімі азёрамі (Плаўэр-Зе і інш.). Сцёк у р. Гафель. Суднаходства, рыбалоўства. Арніталагічны запаведнік (засн. ў 1931) — месца гнездавання жураўлёў, трапляюцца лебедзь-шыпун, арлан-белахвост, скапа і інш. На паўн. беразе — г. Варэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],
жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл.Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн.сав. вучоным А.Я.Ферсманам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на ПдЗ Бураціі, у цэнтр.ч. хрыбта Хамар-Дабан (выш. да 2300 м) і на берагавых тэрасах воз. Байкал. Засн. ў 1969. Пл. 165,7 тыс.га (пад лесам больш за 117 тыс.га, вадаёмаў 1552 га, астатняя пл. пад бязлесымі высакагор’ямі — гальцамі). Расліннасць горна-таежнага прыроднага комплексу: елка, кедр, піхта, хвоя, лістоўніца; у далінах рэк бярозавыя і асінавыя лясы; у падгальцавым поясе зараснікі рададэндранаў і субальпійскія лугі. Жывёльны свет — 37 відаў млекакормячых (звычайныя собаль, буры мядзведзь, каланок, гарнастай, ізюбр, паўн. алень) і 260 відаў птушак (шматлікія глушцы, курапаткі, ястрабы, рабчык, кедраўка, сойка; з рэдкіх відаў — скапа, арлан-белахвост).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс.га. Займае паўд.-ўсх.ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн.ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс.га, у т. л.р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды жывёл, адносна якіх паводле мясц., дзярж. ці міжнар. нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фауны. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т. л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, філін і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротавая рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).