Сечы М. 3/21

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДУНА́ЙСКАЯ СЕЧ,

арганізацыя запарожскіх казакоў у 1775—1828 на тэр. Асманскай імперыі, у вусці Дуная, куды яны ўцяклі пасля скасавання Запарожскай Сечы (1775). У 1806 і 1828 большая частка запарожцаў вярнулася ў Расію і склала Дунайскае і Азоўскае казацкія войскі.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечы — вайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ РА́ДА 1663,

сход украінскіх казакоў 27—28.6.1663 на ўскраіне г. Нежын для выбрання гетмана Левабярэжнай Украіны (на Правабярэжнай Украіне гетманам быў выбраны польскі стаўленік П.Цяцера). Назва «Ч.р.» ад удзелу ў ёй, акрамя казакоў, «чорных» людзей — сялян і гар. нізоў. Групоўкі казацкай старшыны прапаноўвалі на гетманскую пасаду нежынскага палк. В.​Залатарэнку і наказнога (часовага) гетмана Я.​Самка, але большасць рады выбрала гетманам кашавога атамана Запарожскай Сечы І.Брухавецкага, які абяцаў народу знізіць паборы і абмежаваць феад. прыгнёт.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́НСКІ Крыштоф (? — май 1593),

кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы з рас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.​Вішнявецкага. Загінуў у баі (па інш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЮ́К (сапр. Бут Павел Міхнавіч; ? — 19.4.1638),

кіраўнік казацка-сял. паўстання на Украіне супраць польскіх феадалаў у 1637—38. Казак Запарожскай Сечы, у 1635 разам з І.Сулімай на чале нерэестравых (якія не былі на службе ў караля Рэчы Паспалітай) казакоў узяў польскую крэпасць Кадак. У 1637 у якасці гетмана нерэестравых казакоў узначаліў антыфеад. і нац.-вызв. паўстанне, якое ахапіла пераважна Левабярэжную Украіну. 16.12.1637 каля с. Кумяёк (цяпер Чаркаскай вобл.) казацка-сял. войска пацярпела паражэнне ад арміі Рэчы Паспалітай на чале з польным гетманам М.​Патоцкім і пазней капітулявала. П. і інш. кіраўнікі паўстанцаў пакараны смерцю ў Варшаве.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРУ́НЖЫ (польск. chorąży ад chorągiew сцяг),

1) камандзір харугвы ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ, з 14 ст. прыдворная пасада і званне. Існавалі вял. каронны [насіў велікакняжацкую харугву (сцяг) у час вял. цырымоній і знаходзіўся з ёю пры манарху ў час вайсковых дзеянняў] і надворны Х. (яго намеснік), а таксама земскі Х. (кіраўнік шляхецкага апалчэння ваяводства — ганаровае званне).

2) У Запарожскай Сечы вайсковая пасада: вайсковы генеральны Х., палкавыя і соценныя Х., якія ўваходзілі ў склад старшыны.

3) У казацкіх войсках рус. арміі першапачаткова сцяганосец, пазней — малодшы афіцэрскі чын, што адпавядаў чыну падпаручніка ў пяхоце, карнета ў кавалерыі.

т. 16, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛКО́ЎНІК,

воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. У Еўропе вядома з 16 ст. У Расіі ўведзена ў сярэдзіне 16 ст. для асоб, што камандавалі палкамі; як воінскае званне для камандзіраў палкоў «новага строю» — у 17 ст. Званне П. існавала ў войску Рэчы Паспалітай. П. называлі таксама камандзіраў палкоў ва Укр. казацкім войску, у т. л. ў Запарожскай Сечы. Ва Узбр. Сілах СССР уведзена ў 1935, у ВМФ для афіцэраў карабельнага саставу яму адпавядала званне капітана 1-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.

У.​І.​Свякла.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Сямён Іванавіч (каля 1739, в. Беразань, Гомельская вобл. — ?),

кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Украіне і Беларусі ў 1770—80-я г. З прыгонных сялян Мазырскага пав. З 9 гадоў жыў у Запарожскай Сечы. У складзе запарожскага войска ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1768—74. У пач. 1770-х г. арганізаваў паўстанцкі атрад, на чале якога нападаў на панскія маёнткі на Украіне. У 1773 сасланы на катаргу, уцёк адтуль у 1776 і сабраў з запарожскай беднаты новы атрад. У 1778 пасаджаны ў турму, праз год уцёк, на чале атрада нападаў на панскія маёнткі на Украіне і Беларусі. У 1783 арыштаваны на Беларусі, але зноў уцёк і ўзначаліў атрад паўстанцаў. У лют. 1784 арыштаваны ў Ромнах і сасланы на вечную катаргу ў Херсон. Пра Гаркушу як абаронцу прыгнечаных складзена шмат нар. песень і апавяданняў.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКЕ́ВІЧ Багуслаў Казімір (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.​Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.​Патоцкага, М.​Каліноўскага, Я.​Радзівіла супраць Б.​Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.​Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.​Сапегі, польск. ваяводы С.​Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Літ.:

Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)