СЕ́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
злучэнні серы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы сернага жыўлення раслін. Да іх належаць сульфаты амонію, калію, магнію, таксама гіпс, фосфагіпс, арган. ўгнаенні. Уносяць С.ў. ў глебы з нізкім утрыманнем серы (саланцы, саланчакі), эфектыўныя на падзолістых пясчаных глебах. Асабліва неабходныя для вырошчвання крыжакветных, бабовых культур, сланечніку, бульбы. Нейтралізуюць шчолачнасць глебы (гл. Гіпсаванне глебы), павышаюць засваяльнасць цукарастваральных фасфатаў, павялічваюць растваральнасць кальцыю, калію, жалеза, магнію.
т. 14, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НСЕ (Orense),
горад на ПнЗ Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Галісія, на рацэ Міньё. Адм. ц. правінцыі Арэнсе. 99,1 тысячы жыхароў (1986). Транспартны вузел. Гандлёвы цэнтр раёна вінаградарства і садаводства. Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Лесапільныя, металаапрацоўчыя прадпрыемствы; аўтамабілебудаванне. Цёплыя серныя крыніцы.
т. 2, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРПУРО́ВЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група фотасінтэзуючых бактэрый. З сям., больш за 50 відаў. Адрозніваюць пурпуровыя серныя і пурпуровыя нясерныя бактэрыі. Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі сферычныя, палачкападобныя і звілістыя, нерухомыя і рухомыя (маюць жгуцікі). Анаэробныя арганізмы (ёсць факультатыўныя анаэробы), грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем ці пачкаваннем. Маюць бактэрыяхларафіл, караціноіды. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення кіслароду. Многія віды фіксуюць азот і выдзяляюць вадарод. Прымаюць удзел у біягеахім. цыклах серы, азоту і вугляроду. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізмаў фотасінтэзу. Гл. таксама Серабактэрыі.
А.І.Ерашоў.
т. 13, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.
т. 9, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)