Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Сербска-чарнагорска-турэцкія войны 1876—78 9/494
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКА-ЧАРНАГО́РСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1876—78,
вызваленчыя войны Сербіі і Чарнагорыі супраць Асманскай імперыі. Праходзілі ва ўмовах нарастання нац.-вызв. руху на Балканах (гл.Красавіцкае паўстанне 1876 у Балгарыі). 18.6.1876 Чарнагорыя і Сербія (патрабавала ад Асманскай імперыі перадачы Босніі і Герцагавіны пад сваё кіраванне) абвясцілі вайну Турцыі. У ходзе ваен. дзеянняў тур. войскі занялі шэраг населеных пунктаў Сербіі. Дзякуючы ультыматуму Расіі (прад’явіла тур. ўраду 31.10.1876) было заключана перамір’е. У лют. 1877 Сербія падпісала мір з Турцыяй на ўмовах даваен. становішча (Чарнагорыя мірны дагавор не падпісала). З пачаткам рус.-тур. вайны 1877—78 Чарнагорыя ў крас. 1877 аднавіла ваен. дзеянні. У снеж. 1877 Сербія зноў уступіла ў вайну, якая была фактычна часткай рус.-тур. вайны 1877—78. Сербскія і чарнагорскія войскі сумесна з рас. атрадам ген. І.У.Гуркі дасягнулі значных поспехаў на паўд. і ўсх. напрамках. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 Сербія і Чарнагорыя атрымалі незалежнасць і значна пашырылі свае тэрыторыі.
сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл.сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл.Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК ((Gołąbek) Юзаф) (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),
горад у Харватыі. Каля 50 тыс.ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч.прам-сць. Стараж.культ. цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ. росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.
Літ.:
Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;
Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́П’Е (Скопје),
Скопле (Skoplje), горад, сталіца Македоніі. Знаходзіцца на Пн краіны, на р. Вардар. Каля 500 тыс.ж., з прыгарадамі каля 650 тыс.ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр Македоніі. У С. сканцэнтравана каля 50% прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: тытунёвая, піваварная, садавіна-агароднінакансервавая, мукамольная, мясная, мылаварная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная; новыя галіны: металургія, вытв-сць алюмініевых вырабаў, с.-г. машын, шкляная, цэм., мэблевая. Саматужнае дыванаткацтва. Македонская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. У 1963 горад моцна пацярпеў ад землетрасення.
У старажытнасці каля сучаснага С. знаходзіўся гал. горад ілірыйскага племя дарданаў Скупі, заваяваны ў канцы 1 ст. да н.э. рымлянамі. З канца 3 ст.н.э. Скупі — цэнтр рым. правінцыі Дарданія. У 518 ён разбураны землетрасеннем. У 6 ст. каля руін Скупі пабудаваны С. У канцы 7 ст. заселены славянамі. У 9—10 ст. у складзе Першага Балгарскага царства, з 1282 — сербскай дзяржавы. У 13—14 ст. буйны гандл.цэнтр. Пры Стэфане Душане (у 1331—55) С. — сталіца сербска-грэч. царства. У 1392—1912 пад уладай туркаў. З 1913 у складзе Сербіі, з 1918 Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, цэнтр. антыфаш. барацьбы. У 1946—91 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі Македонія ў складзе СФРЮ.
Горад спалучаў сучасную забудову з сярэдневяковай. Да землетрасення, у выніку якога зруйнавана да 80% будынкаў, у ім захоўваліся рэшткі цыклапічных абарончых сцен і акведук (6 ст.), мячэці (Султана Мурата, 1436; 1схак-бега, 1438; Іса-бега, 1475; Мустафа-пашы, 1492; Ях’я-пашы, 1504), лазня (1489—97), 8-арачны каменны мост (15 ст.), заезныя дамы (15—19 ст.), крыты базар «безістэн» (1689), гадзіннікавая вежа (1566—72), царква св. Спаса (канец 17 — пач. 18 ст.) і інш. помнікі архітэктуры. Рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы вядуцца пераважна на аснове праекта яп.арх. К. Тангэ і макед. архітэктараў. У цэнтры горада пабудаваны Акадэмія навук і мастацтваў, Макед.нар.т-р, гіст. архіў і інш. Каля С. — руіны ілірыйскага і рым.г. Скупі (рэшткі т-ра, тэрм, базілікі, некропаля), царква св. Панцеляймона ў Неразі (1164, фрэскі). Музеі: этнагр., археал., маст. галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБІЯ (Србија),
Рэспубліка Сербія (Република Србија), рэспубліка ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславіі. Займае большую ч краіны (88,4 тыс.км² са 102 тыс.км²) і канцэнтруе большую ч. насельніцтва (каля 10 млн.чал. з 10,7 млн.чал. у краіне, 2000). Сталіца — г.Бялград. У адм. адносінах падзяляецца на акругі і абшчыны. Сербы складаюць каля 70%, албанцы — каля 17% (пераважна ў б.аўт. краі Косава), венгры — каля 4% (пераважна ў б.аўт. краі Ваяводзіна) насельніцтва. Жывуць таксама румыны, харваты, чарнагорцы, цыганы і інш.Паўн.ч. знаходзіцца на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны, у цэнтры і на Пд — Сербскае нагор’е, Усх.-Сербскія горы, частка Дынарскага нагор’я, катлавіны Косава Поле і Метохія. Найвыш. пункт (2764 м) на мяжы з Албаніяй, у хр. Карабі. Клімат умераны, кантынентальны. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. З карысных выкапняў ёсць мёдныя і свінцова-цынкавыя руды, каменны і буры вугаль, нафта і прыродны газ. Лясы, пераважна букавыя (займаюць каля 27% тэр.), захаваліся ў гарах. У гаспадарцы роля прам-сці і сельскай гаспадаркі прыкладна аднолькавая. У прам-сці найб. развітыя энергетычныя, горназдабыўная, металург. і маш.-буд. галіны. Энергетыка базіруецца на выкарыстанні бурага і каменнага вугалю. ГЭС Джэрдап на Дунаі (сумесная з Румыніяй), значныя ГЭС на рэках Дрына, Уласіна. Лім і інш. Вылучаюцца здабыча, выплаўка і пракат медзі і сурмы, здабыча свінцу і цынку. Чорная металургія прадстаўлена камбінатам у г. Смедарава. У хім. прам-сці значная вытв-сць сернай кіслаты і мінер. угнаенняў, выпуск штучных валокнаў і нафтахім. прадукцыі. Шматгаліновае машынабудаванне: электратэхніка і электроніка, вытв-сцьс.-г. машын, горнага абсталявання, грузавых і легкавых аўтамабіляў і інш. Развіты тэкст., гарбарна-абутковая, харч. і інш. галіны прам-сці. Гал.прамысл. цэнтры: Бялград, Нові-Сад, Ніш, Субаціца, Крагуевац, Прышціна. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, жыта, цукр. буракі, каноплі, сланечнік, бульбу, гародніну. Садоўніцтва (найб. сліва) і вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней і авечак. Птушкагадоўля. Збожжавая гаспадарка найб. развіта ў раўнінных раёнах на Пн, жывёлагадоўля — у цэнтр. і паўд. горных раёнах. Транспарт. чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Дунаі і Саве.
Гісторыя. На тэр. сучаснай С. здаўна жылі ілірыйскія і фракійскія плямёны, моцна раманізаваныя ў выніку заваявання Стараж. Рымам (229 да н.э. — 106 н.э.). З 395 н.э. большая ч. гэтых зямель у складзе Візантыі. У 4—6 ст. на тэр. С. нападалі вестготы, гуны, авары. У 7 ст. сюды прыйшлі слав. плямёны, якія падпарадкавалі і асімілявалі мясц.насельніцтва. З 8 ст. пачала фарміравацца сербская народнасць і складваліся феад. адносіны. У 9 ст. сербы прынялі хрысціянства. У сярэдзіне 10 ст. ўзнікла Сербскае княства. У пач. 11 ст. С. падпарадкавана Візантыяй. У 2-й пал. 12 ст. тут узмацнілася княства Рашка, дзе вял. жупанам (князем) у 1168—96 быў Стэфан Нэманя (Няманя) — заснавальнік дынастыі Няманічаў. Пры ім вакол Рашкі склалася адзіная сербская феад. дзяржава (з 1217 каралеўства, з 1345—46 царства), дасягнута незалежнасць ад Візантыі. У 1219 абвешчана аўтакефалія (фактычная незалежнасць) сербскай правасл. царквы. Кароль (з 1346 цар) Стэфан Душан [1331—55] пашырыў сваю ўладу на амаль усе сербскія, македонскія, албанскія і ч.грэч. зямель. У 2-й пал. 14 ст. царства Няманічаў распалася. У выніку паражэння на Косавым Полі (1389) С. трапіла ў васальную залежнасць ад туркаў, у 1459 уключана ў Румелійскі эялет Асманскай імперыі. У 16—18 ст. сербы неаднаразова (1594, 1597—98, 1688—90, 1711) паўставалі супраць тур. няволі. У выніку сербскіх паўстанняў пачатку 19 стагоддзя (1804—13, 1815) пачалося аднаўленне сербскай дзяржаўнасці на чале з князем і скупшчынай (парламентам). Першым князем С. стаў Георгій Петравіч-Карагеоргій [1808—13], наступным — Мілаш Абрэнавіч [1815—39, 1858—60]. У далейшым на прастоле С. змяніліся прадстаўнікі дынастый Абрэнавічаў [1815—42, 1858—1903] і Карагеоргіевічаў [1842—58, 1903—18]. У 1830—33 пад дыпламат. націскам Расіі Турцыя афіцыйна дала статус аўт. княства Паўн. С. ў межах Бялградскага пашалыка. Пры кн. Міхаілу Абрэнавічу (1860—68) створана нац. армія, ліквідаваны тур.ваен. гарнізоны. У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 С. паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 атрымала незалежнасць і павялічыла сваю тэрыторыю. З 1882 С. — каралеўства. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 да С. далучаны паўн.ч.гіст. Македоніі (сучасная Рэспубліка Македонія) і б.ч. краю Косава са значным алб. насельніцтвам. Рэзка абвастрыліся адносіны з Аўстра-Венгрыяй, якая, скарыстаўшы Сараеўскае забойства, 28.7.1914 напала на С., што стала пачаткам 1-й сусв. вайны, у якой С. ўдзельнічала на баку Антанты. З 1915 С. акупіравана аўстра-герм. і балг. войскамі. Вызвалена восенню 1918.
1.12.1918 С. разам з інш. паўднёваслав. землямі ўтварыла адзіную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) на чале з дынастыяй Карагеоргіевічаў. Пасля скасавання манархіі ў 1945 С. (у сучасных межах) — Нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі, з 1963 — адна з сацыяліст. рэспублік у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ). Па-за межамі С., у рэспубліках Боснія і Герцагавіна, Харватыя засталася значная колькасць сербаў. Пасля распаду СФРЮ (1991) С. (з 1991 сучасная назва) і Чарнагорыя ўтварылі 27.4.1992 новую федэрацыю — Саюзную Рэспубліку Югаславію. Гісторыю пасля 1918 таксама гл. ў арт.Югаславія.
Літ.:
История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;
Јиричек К. Историја Срба. Кн. 1—2. Београд, 1980;
Историја српског народа. Кн. 1—2. Београд, 1981;
Раннефеодальные государства и народности: (южные и западные славяне VI—XII вв.). М., 1991;
Сербия: Вчера и сегодня. Белград, 1995;
Данченко С.И. Развитие сербской государственности и Россия, 1878—1903. М., 1996;
История южных и западных славян. Т. 1. Средние века и новое время. М., 1998.