У́СТАШЫ́ (харвацкае Ustaša адпор, паўстанне),

праварадыкальная плынь у харвацкім нац.-вызв. руху ў 1929—45. Засн. ў студз. 1929 у Італіі (мела таксама базы ў Венгрыі, Аўстрыі, Бельгіі і інш. краінах) лідэрам Харвацкай партыі права А.​Павелічам пасля ўсталявання ў Югаславіі дыктатуры караля Аляксандра I Карагеоргіевіча. У статуце руху (1932) яго задачай абвешчана ўзбр. барацьба за вызваленне Харватыі (з уключэннем ч. Босніі да р. Дрына). Арг-цыі У. (больш за 1 тыс. членаў — студэнты, адстаўныя афіцэры, чыноўнікі, ч. каталіцкага духавенства і інтэлігенцыі) арыентаваліся пераважна на фаш. Італію, невял. частка — на нацысцкую Германію; ажыццяўлялі тэрарыст. акты, у т. л. забойства Аляксандра I Карагеоргіевіча і міністра замежных спраў Францыі Л.​Барту 9.10.1934. У 2-ю сусв. вайну 10.4.1941 абвясцілі на акупіраванай тэр. Югаславіі «Незалежную дзяржаву Харватыя» (фактычна пратэктарат Італіі і Германіі) на чале з Павелічам; жорстка праследавалі яўрэяў, правасл. хрысціян (пераважна сербаў), мусульман. Пасля вызвалення Югаславіі (1945) многія У. прыгавораны да пакарання смерцю, частка эмігрыравала ў Аргенціну. Пэўны ўздым у Харватыі руху паслядоўнікаў У. адбыўся ў час сербска-харвацкай вайны 1991—95.

Літ.:

Фрейдзон В.И. История Хорватии: Краткий очерк с древнейших времен до образования республики (1991 г.). СПб., 2001;

Семиряга М.И. Коллаборационизм: Природа, типология и проявления в годы второй мировой войны. М., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)