ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:

Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.​Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.​Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.​Ю.​Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІВІ́ДАВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ў ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Манівід (у хрышчэнні Войцех, Альберт) Кайлікінавіч (каля 1360—1424), які ўпамінаецца з 1387 у складзе велікакняжацкай рады. З 1396 намеснік віленскі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Ляліва» і стаў першым ваяводам віленскім. Ад вял. кн. Вітаўта атрымаў Геранёны-Суботнікі (1396), Лаздуны і Жупраны (1403) у Ашмянскім пав., Беразіно, Гняздзілавічы, Дзядзілавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсціж у Харэцкай вол. і Гасцілавічы ў Лагожскім княстве (1407), Станькава ў Мінскім пав., Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у б. Чарнігаўскім княстве. З яго родзічаў і нашчадкаў найб. вядомыя:

Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый; каля 1370—1434), брат Манівіда, маршалак надворны ў 1401, ваявода кіеўскі з 1411, староста падольскі з 1415, намеснік смаленскі ў 1424, ваявода віленскі ў 1425—32, уладальнік Вішнева ў Ашмянскім пав. Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (каля 1400—51), маршалак надворны ў 1429, намеснік смаленскі з 1448, кашталян віленскі ў 1451. Ад вял. князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV атрымаў маёнткі Волма, Дзераўная, Камень, Налібакі, Радашковічы ў Менскім пав., Мір і Свержань у Новагародскім пав. Іван (Івашка) Манівідавіч (каля 1400—58), намеснік падольскі і крамянецкі з 1437, маршалак кн. Свідрыгайлы ў 1438, ваявода трокскі з 1443, віленскі ў 1458. У дадатак да бацькоўскіх уладанняў атрымаў ад вял. кн. Казіміра Амнішава, Валожын і Даўгінава ў Менскім пав., паводле завяшчання стрыечнага брата Пятра Гедыгольдавіча — Мір (1451). Войцех (каля 1430—75), сын Івана, кашталян віленскі з 1461, адначасова ваявода новагародскі з 1471 і падстолі ВКЛ у 1475. Памёр без нашчадкаў, яго вялізныя ўладанні адышлі да сясцёр Соф’і (жонка Мікалая Радзівіла) і Ядвігі (жонка Алехны Судзімонтавіча). Агульнае з М. паходжанне мелі Аляхновічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія (нашчадкі родзіча Манівіда — Рымавіда) і, магчыма, Вяжэвічы і Глябовічы (выводзілі сябе ад Вяжа, родзіча Манівіда).

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)