Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЯ ЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ,
асабістая залежнасць прыгоннага селяніна ад феад. землеўладальніка; гл. ў арт.Прыгоннае права, Прыгонная інтэлігенцыя, Прыгонны тэатр, Прыгонныя аркестры і капэлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ДЗЕНЬ»,
штотыднёвая грамадска-паліт., сельскагаспадарчая і літ. газета. Выдавалася з 7.3.1927 да 1928 у Вільні на бел. мове т-вам «Пагонь». Яе кірунак вызначаны ў дэкларацыі «Да беларускага сялянства» (1927, № 1), дзе абвяшчалася, што газета будзе абараняць паліт. правы бел.селяніна, нар. культуру і школу, усебакова асвятляць жыццё селяніна-беларуса і ў Польшчы і ў Сав. Беларусі. Фактычна ж пераважала паланафільская арыентацыя, падтрымлівала паліт. платформу Ю.Пілсудскага. Узнімала пытанні паляпшэння польска-бел. адносін, патрабавала для беларусаў роўных з усімі грамадзянамі правоў, гарантаваных канстытуцыяй. Шмат увагі аддавала праблемам бел. школы. Змяшчала матэрыялы з гісторыі БНР, газеты «Наша доля», пра бел.нар. творчасць; рабіла агляды бел.культ. жыцця, перыёдыкі, кніжных навін; змяшчала творы М.Багдановіча, А.Бартуля, М.Васілька, М.Краўцова, Ф.Умястоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,
бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус.геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЖБЕ, Ашбе (Ažbè) Антон (30.5.1862, г. Даленчыцэ, Славенія — 6.8.1905), славенскі жывапісец і педагог. Вучыўся ў Венскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтваў. Творчасць пазначана пошукамі колеравай выразнасці, пераходам ад акадэмізму да пленэрнага жывапісу («Галава селяніна», каля 1890; «У гарэме», «Негрыцянка», абедзве каля 1895). У 1891 адкрыў у Мюнхене ўласную маст. студыю, дзе вучыліся В.Кандзінскі, А.Мурашка, І.Грабар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (сапр.Бэта) Генрык, бел. святар. Родам з-пад Сухаволі Сакольскага пав. (Беласточчына). У 1920-я г. рэктар духоўнай семінарыі ў Ломжы. Папулярызаваў пчалярства, якое лічыў адным са сродкаў паляпшэння дабрабыту селяніна. У 1911 выдаў у Пецярбургу на бел. мове брашуру «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа», у якой змясціў чарцяжы вулля, апісаў віды работ пчаляра ў залежнасці ад пораў года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЛО́Е,
грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ, застольныя песні,
творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.