Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАРЭЦЭ́ПТАРЫ, адрэнарэактыўныя сістэмы,
спецыфічныя біяхім. структуры клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з медыятарамі — адрэналінам, норадрэналінам і некаторымі лек. рэчывамі. Вынікам узаемадзеяння з’яўляецца актывацыя або тармажэнне адпаведнай функцыі клеткі, потым органа і фізіял. сістэмы. Канчатковая будова адрэнарэцэптараў не вызначана. Яны падзяляюцца на α- і β-адрэнарэцэптары. α-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да норадрэналіну; пры іх актывацыі звужаюцца сасуды, скарачаецца матка, селязёнка, расшыраюцца зрэнкі. β-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да ізадрыну, пры іх узбуджэнні сасуды расшыраюцца, бронхі расслабляюцца, затарможваецца скарачэнне маткі, пачашчаецца рытм сардэчных скарачэнняў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАМАТО́З,
вострая кантагіёзная воспападобная вірусная хвароба трусоў. Зрэдку хварэюць зайцы. Пашкоджваюцца лімфатычныя вузлы, кроў, селязёнка, скура, слізістыя абалонкі. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі; у Еўропу занесены ў 1952. На Беларусі з 1980.
Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Заражэнне кантактнае, аэрагеннае, праз кармы і інш. Асн. пераносчыкі — насякомыя-крывасмокі. Прыкметы: кан’юнктывіт, ацёчнае апуханне (інфільтрацыя) падскурнай клятчаткі ў вобласці галавы, вушэй, ануса і вонкавых палавых органаў; воспападобная вузельчыкавая высыпка на целе (пры вузельчыкавай форме). Ускладняецца архітам, пнеўманіяй. Звычайна мае лятальны вынік.
т. 10, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШНЫ́ ТЫФ,
вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),
перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,
злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Лимфогранулематоз. М., 1985.
В.Я.Рэбека, І.В.Рэбека.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)