ЗВЕЗДАРЫ́,

група вясковай моладзі, якая паводле старадаўняга звычаю на Каляды хадзіла ад хаты да хаты з песнямі, скокамі, гульнямі і насіла на кіі асветленую знутры зорку — звязду. Нашэнне звязды суправаджалася калядаваннем, паказам «Казы», «Мядзведзя», «Жорава», «Кабылы», «Цыганоў», батлейкі, скамарохаў. З. ў суправаджэнні калядоўшчыкаў спявалі калядныя песні, што вызначаліся святочна-прыўзнятым, гулліва-гумарыстычным настроем і ў якіх выказваліся пажаданні дабра і заможнасці гаспадарам хаты, за што гаспадары частавалі З. і адорвалі.

Звездары з в. Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл. 1904.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮСЕРСО́

(Du Cerceau, Ducerceau),

сям’я французскіх архітэктараў 16—17 ст. Жак I Андруэ (1510 ці 1512, Парыж — каля 1585), у 1531—33 працаваў у Італіі. Вядомасць прынеслі цыклы дакументальна дакладных афортаў з Выявамі помнікаў архітэктуры: «Кніга архітэктуры» (1559—61), «Антычныя аркі і манументы» (1560), «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі» (т. 1—2, 1576—79). У сваіх праектах (святочна-парадныя замкі Шарлеваль у Нармандыі, Вернёй-сюр-Уаз у Іль-дэ-Франсе) свабодна спалучаў элементы ант. і рэнесансавай італьян. архітэктуры. Жак II Андруэ (каля 1550—1614), з 1588 «архітэктар караля». Удзельнічаў у буд-ве Вял. галерэі Луўра і павільёна Флоры палаца Цюільры ў Парыжы (1600—08, не захаваўся).

Жак I Андруэ Дзюсерсо. Замак-лалац Вернёй-сюр-Уаз. З афорта цыкла «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі». 1576.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка,

купалле, купайло, янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні /Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)