АРХІРЭ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,

епархіяльныя школы, ніжэйшыя агульнаадукацыйныя саслоўныя (пераважна для дзяцей святароў) навуч. ўстановы. Існавалі ў Расіі ў 1721—37. Выкладаліся: чытанне, граматыка, рэлігія, у некаторых школах — таксама арыфметыка, лац., грэч., славянская, стараж.-яўрэйская мовы. З 1737 паступова пераўтвораны ў духоўныя семінарыі.

Г.В.Сегянюк.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

духоўная рымска-каталіцкая вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў 1990 1-м апостальскім адміністратарам біскупам Т.Кандрусевічам. Рыхтуе святароў. Тэрмін навучання 6 гадоў. Выкладаюцца: лац., англ., ням., польск., рус., бел. мовы; філасофія, тэалогія, літургія і інш. прадметы філасофскага і тэалагічнага зместу. Узначальвае семінарыю рэктар, якога, як і прэфекта, і выкладчыкаў, назначае дыяцэзіяльны біскуп. Размешчана ў будынку Гродзенскага кляштара бернардзінцаў.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЕ́РДАЎ Абдурагім Асадбекаглы

(28.5.1870, г. Шуша, Нагорны Карабах — 12.12.1933),

азербайджанскі пісьменнік, драматург. Засл. дз. мастацтваў Азербайджана (1928). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Аўтар камедый і трагедый, у якіх высмейваў патрыярхальна-феад. парадкі («Няшчасны юнак», 1900), паказваў дэспатызм («Ага Мухамед шах Каджар», 1907), сквапнасць памешчыкаў і святароў («Лісты з пекла», «Бомба», «Падарожжа Мазалнбека»), ставіў актуальныя праблемы часу («Старое пакаленне», «У цяні дрэва», «Свята жанчыны»). Пісаў апавяданні, фельетоны, нарысы.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,

сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.

А.А.Цітавец.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,

адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ЭКЗАРХА́ТА»,

часопіс. Выдаецца Бел. правасл. царквой з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Засн. на базе час. «Минские епархиальные ведомости». Разлічаны на святароў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і сучаснага стану правасл. царквы на Беларусі, а таксама прадстаўнікоў інш. правасл. цэркваў і хрысц. канфесій. У часопісе пераважаюць артыкулы гісторыка-архіўныя, аналітычныя багаслоўскага зместу, прысвечаныя найб. значным падзеям у Беларускім экзархаце. Кожны нумар (пачынаючы з № 4) прысвечаны адной тэме. З 1990 у дадатак да часопіса выдаецца серыя брашур «Библиотека «Вестника Белорусского экзархата».

А.А.Петрашкевіч.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯКО́ЎСКІ Станіслаў

(1896, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст. Д-р тэалогіі. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, Грыгарыянскі ун-т у Рыме. Быў ксяндзом у прыходах Гродзеншчыны і Беласточчыны, выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Пасля высылкі польск. ўладамі з Вільні А.Станкевіча ўзначальваў бел. каталіцкую парафію. Арганізатар і выдавец бел. дзіцячага час. «Пралескі». Аўтар шэрагу артыкулаў па бел. гісторыі, філасофіі, этыцы ў перыяд. друку, якія падпісваў уласным прозвішчам і псеўданімамі (Стасіла, Стасюк з-пад Нёмна і інш). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі разам з групай бел. каталіцкіх святароў.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА І МУЗЕ́Й ІМЯ́ ФРАНЦІ́ШКА СКАРЫ́НЫ ў Лондане, грамадска-культ. асяродак беларусаў і беларусістаў у Англіі. Афіц. адкрыты ў асобным будынку ў 1971, з 1979 мае статус незалежнай навук. установы як «уласнасці ўсіх беларусаў». Аб’ядноўвае бел. эмігрантаў і англ. навукоўцаў-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Аснову б-кі склалі прыватныя зборы бел. святароў Ч.Сіповіча і Л.Гарошкі. Займае 8 пакояў, захоўвае каля 45 тыс. тамоў кніг, камплектаў газет і часопісаў. Экспануюцца ўзоры бел. нар. ткацтва і вышыўкі, с.-г. і хатнія прылады. Б-ка вядзе выдавецкую дзейнасць, штогод арганізуе курсы лекцый па беларусазнаўстве, сустрэчы з гасцямі з Беларусі. Узначальвае б-ку рада з дзеячаў бел. эміграцыі і англ. вучоных. Старшыня рады (з 1971) А.Надсон.

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.

С.В.Сяліцкі.

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»

(«Biełarus»),

штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8). 1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн. сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.

У.М.Конан.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)