ЛЕСАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,

навясная на трактар машына для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод. Мае пасадачныя апараты, сашнікі, каткі для ўшчыльнення глебы вакол саджанцаў і інш. прыстасаванні. Высаджвае 1—2 рады з шагам пасадкі да 1,5 м і на глыб. да 70 см. Прадукцыйнасць да 2,5 га/гадз.

Схема універсальнай лесапасадачнай машыны: 1 — вялікі сашнік; 2 — ахоўная агароджа; 3 — скрыня з пасадачным матэрыялам; 4 — пасадачны апарат; 5 — баластная скрыня; 6 — ушчыльняльны каток.

т. 9, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,

машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.

Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук

Тэхналагічная схема бульбасаджалкі Л-202: 1 — стойка сашніка; 2 — сашнік; 3 — высаджвалыіы апарат; 4 — бункер; 5 — засланка бункера; 6 — сілкавальны бункер; 7 — круглазвенны ланцуг; 8 — баразназакрывальнік.

т. 3, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)