САХА́,

традыцыйная ворная прылада. Выкарыстоўвалася ў лясной паласе Усх. Еўропы, Урала, Сібіры. На Беларусі С. з жалезным сашніком вядома з канца 1-га тыс. Паводле канструкцыі вылучаюць С.: палескую (літоўскую, падляшскую), віцебскую (рускую, перакладку), падняпроўскую (магілёўскую або беларускую). На ПдЗ Беларусі была пашырана палеская С., якая складалася з корпуса (рагача) са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расохі, плахі). Яна рабілася найчасцей з бярозы і мела раздвоены канец, на які набівалі жалезныя сашнікі. Была асіметрычнай: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). Падобнага тыпу С. вядома і на Укр. Палессі, польскім Падляшшы, літ. Аўкштайціі. У Панямонні сустракалася С. больш лёгкая, з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі. Замест дышля яна мела кароткі градыль, да якога прыстасоўвалі аглоблі для коннай запрэжкі. У Паазер’і шырока выкарыстоўвалі С. віцебскага тыпу з перакладной паліцай для коннай запрэжкі з аглоблямі. На Падняпроўі выкарыстоўвалася С. з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Конь запрагаўся ў пастронкі, што мацаваліся да канца аглабель. Даўжынёй пастронка рэгулявалася глыбіня ворыва. На Палессі бытавала і С. без паліц. У Цэнтр. Беларусі сустракалася і С. з адной паліцай. У 19 ст. ў Барысаўскім і Ігуменскім пав. на сугліністых глебах выкарыстоўвалі С. палескага тыпу (паўзуха), на пясчаных завалуненых і лясных глебах — лёгкую С. колавага тыпу, т.зв. дрынду, з вузкімі трубчастымі сашнікамі і амаль вертыкальна пастаўленай расохай. Такія С., відаць, былі пашыраны ў эпоху сярэдневякоўя, пра што ўскосна сведчаць знаходкі трубчастых сашнікоў у стараж. слаях (11—13 ст.) Полацка, Мінска, Друцка. У 19 ст. колавая С. без паліцы выкарыстоўвалася пры першым узорванні папару, а пры ворыве пад сяўбу — С. з шырокімі сашнікамі і адвальным прыстасаваннем. С. без паліц выкарыстоўваюць пры акучванні бульбы і ў наш час у паўн. Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

Палеская саха.
Падняпроўская (магілёўская) саха.
Віцебская саха.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)