«КРАПІ́ВА»,

бел. сатырычны часопіс. Выйшаў 1 нумар у кастр. 1912 на 8 старонках у Вільні на бел. мове. Рэдактар З.​Бядуля. Змяшчаў сатыр. творы разнастайнай тэматыкі. Сярод іх гумарэскі, фельетоны, анекдоты, афарыстычныя выразы і інш., звязаныя з падзеямі тагачаснага грамадска-паліт. жыцця, з’явамі побыту.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 235.

У.​М.​Конан.

т. 8, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦІ́ (франц. sotie ад sot дурны),

камедыйна-сатырычны жанр франц. т-ра 15—16 ст., варыянт фарса. Узнік на аснове сярэдневяковых парадыйна-блазнерскіх прадстаўленняў. У С. ўсе персанажы выступалі ў абліччы «дурняў» (да звычайнага блазнерскага касцюма дадавалі атрыбуты, што сімвалізавалі іх пэўны тып), якія алегарычна пазначалі розныя заганы грамадства. Ствараліся і разыгрываліся аматарскімі тэатр. т-вамі, з якіх найб. вядомы «Бестурботныя хлопцы» (Парыж). У канцы 16 ст. выкананне С., якія выкарыстоўваліся буржуазіяй як форма крытыкі каралеўскай і папскай улады, былі забаронены.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗО́К,

малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.​Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.​Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.​Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.​Стральцоў, Ф.​Янкоўскі, А.​Карпюк, Я.​Брыль, Б.​Сачанка і інш.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«И́СКРА»,

расійскі сатырычны штотыднёвы часопіс. Выдаваўся ў 1859—73 у Пецярбургу на рус. мове паэтам і грамадскім дзеячам В.​С.​Курачкіным і мастаком М.​А.​Сцяпанавым (да 1864). Публікаваў сатыр. творы (фельетоны, вершы, апавяданні, эпіграмы, пародыі, публіцыстычныя артыкулы, нарысы і інш.), допісы з правінцый, у якіх асвятляліся праблемы тагачаснага грамадска-паліт. і культ. жыцця. З рэв.-дэмакр. пазіцый выступаў супраць прыгонніцтва, бюракратызму, кансерватызму. Вял. месца займала паэзія, скіраваная супраць т. зв. «чыстага мастацтва». Літ. матэрыялы дапаўняліся малюнкамі ў жанры карыкатуры. Забаронены «за шкодны кірунак».

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,

сатырычны лісток, выданне ЦК КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ. «За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.​Броўка, П.​Глебка, К.​Крапіва, П.​Панчанка, К.​Чорны і інш., мастакі І.​Ахрэмчык, Я.​Зайцаў, У.​Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАР’Я́Н (Наіры) (сапр. Егіязар’ян Аястан; 13.1.1901, с. Хараконіс, Зах. Арменія, цяпер тэр. Турцыі — 12.7.1969),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі ун-т (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў паэзіі «Блакітная краіна каналаў» (1926), «Вечныя вяршыні» (1937), «Ратны кліч» (1941), «Распаленай душой» (1942), рамана «Ацаван» (1937—47) і інш., у якіх адлюстраваў сац.-псіхал. працэсы ў вёсцы ў перыяд калектывізацыі. Раман «Пятрас і яго міністры» (1958) пра Арменію ў час панавання дашнакаў; аповесць «Давід Сасунскі» (1966) створана па матывах эпасу. Сатырычны талент З. выявіўся ў рамане «Другое жыццё» (1965—67). Вядомы як драматург (гіст. трагедыя «Ара Прыгожы», 1946; камедыі «Ля крыніцы», 1948; «Доследнае поле», 1950). Пераклаў на арм. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову яго творы пераклаў Х.​Жычка.

С.​Арзуманян.

Н.Зар’ян.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»

(«Concio Ruthena»),

бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст. антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».

Публ.: Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Партызанская дубінка» (сатырычны лісток) 2/119; 4/5, 288, 456; 8/12, 228; 12/400

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́НЬЯН, Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.​Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).

Літ.:

Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;

Яго ж. Бэньян;

Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІО́ ((Viau) Тэафіль дэ) (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),

французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)