КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі як гал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.​М.​Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст. навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.

т. 8, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.​В.​Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.​Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).

Тв.:

Рус. пер. — Французская революция: История. М., 1991;

Теперь и прежде. М., 1994.

Літ.:

Саймонс Дж.​Карлейль: Пер. с англ. М., 1981.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)