Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГАМО́ТНАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Сапяжанка і Дуля остзейская. На Беларусі пашырана ў прысядзібным садаводстве.
Дрэва моцнарослае, крона акруглая, густая. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 6—7-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—120 г), шарападобныя, злёгку сплясканыя. Скурка светла-жоўтая з малінавым румянцам. Мякаць белая, рыхлая, сакаўная, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Вінёўка і Сапяжанка. Раянаваны ў Віцебскай вобл.
Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай негустой кронай. Плоданашэнне на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, сярэднеўстойлівы да паршы, устойлівы да бактэрыяльнага рака. Плады сярэдняй велічыні (80—100 г), прадаўгавата-грушападобнай формы, з падоўжнай баразёнкай. Скурка светла-жоўтая са слабым румянцам з сонечнага боку. Мякаць снежна-белая, духмяная, паўмасляністая, сакаўная, салодкая з прыемнай кіслінкай, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў канцы жніўня.