Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЫСК,
следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ СПА́ДЧЫНА, вайна за Аўстрыйскую спадчыну,
вялася паміж еўрап. дзяржавамі ў 1740—48. Паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (закон, які выдаў Карл VI) вял. валоданні аўстр. Габсбургаў павінны былі заставацца непадзельныя і перайсці да яго дачкі Марыі Тэрэзіі. Аднак пасля смерці Карла VI (1740) Прусія, Баварыя, Саксонія, Іспанія, падтрыманыя Францыяй, пачалі аспрэчваць спадчыннае права Марыі Тэрэзіі. У распачатай вайне Аўстрыю падтрымлівалі Англія, а з 1746 і Расія. Паводле Ахенскага міру 1748 Марыя Тэрэзія захавала б.ч. сваіх уладанняў, аднак амаль уся Сілезія перайшла да Прусіі.
т. 2, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.
т. 2, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,
адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНЫЯ НО́РМЫ,
эколага-прававыя патрабаванні да прыродакарыстальнікаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Накіраваны на задавальненне патрэб грамадства ў ахове прыроды і забеспячэнні аптымальнай якасці навакольнага асяроддзя. Замацаваны ў прыродаахоўным заканадаўстве, дапаўняюцца экалагізаванымі нормамі гасп., адм., грамадз., крымін. і інш. заканадаўстваў, якія канкрэтызуюць матэрыяльныя, арганізац. і прававыя гарантыі выканання П.н. У адпаведнасці з імі ўстанаўліваюцца ліміты здабычы прыродных рэсурсаў або нормы выкідаў у навакольнае асяроддзе забруджвальнікаў. Пры парушэнні П.н. ужываюцца пэўныя санкцыі (штрафы, прыпыненне ці забарона эксплуатацыі абсталявання, цэхаў, вытв-сцей і інш.).
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕНТЭІ́ЗМ [ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
А.М.Абрамовіч.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯ ў крымінальным працэсе,
прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел. крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 10, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)