САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэрты і г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.

Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.​Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.

У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, Г.​Канчэлі, Дз.​Смольскі, Я.​Глебаў), узаемасувязі частак (І.​Стравінскі, А.​Веберн, Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Я.​Цікоцкі, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, В.​Кузняцоў, Ф.​Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.​Месіян, М.​Аладаў, Л.​Абеліёвіч, Мдывані, К.​Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.

Літ.:

Катуар Г.Л. Музыкальная форма. Ч. 2. М., 1936;

Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),

у 16—17 ст. вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (​3/4 ці ​3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.​Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст. муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.​Шапэна, арк. скерца М.​Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.​Аладава, А.​Багатырова, Дз.​Смольскага, Г.​Вагнера, Я.​Дзягцярыка, А.​Мдывані, Ф.​Пыталева, Р.​Суруса, Я.​Цікоцкага і інш.

Т.​А.​Шчэрба.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ТА (італьян. sonata ад sonare гучаць),

адзін з асноўных жанраў камернай інстр. музыкі. Класічная С. — твор для аднаго або двух выканаўцаў, напісаны ў санатна-цыклічнай форме, з асн. часткай цыкла ў санатнай форме.

Як вызначэнне інстр. твора вядома з 15 ст. У 17 — пач. 18 ст. сфарміравалася ўстойлівая структура С. як шматчасткавага твора, заснаванага на тэматычных і танальных сувязях паміж часткамі, вобразным і тэмпавым кантрасце ў паслядоўнасці частак. Класічная цыклічная С. сфарміравалася ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў творчасці І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, М.​Клеменці. Росквіт жанру, адзначанага складанасцю драматургічнай канцэпцыі і маст. формы, прыпадае на творчасць Л.​Бетховена (санатныя цыклы, блізкія да сімфанічных, а таксама цыклы з адвольнай паслядоўнасцю частак і элітныя). У творчасці кампазітараў-рамантыкаў С. набыла вобразнасць, характэрную для іх стылістыкі, рысы паэмнасці (гл. Паэма ў музыцы), часам праграмнасць. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё С. абумоўлена арыентацыяй кампазітараў на класічныя і рамант. традыцыі. Наватарствам і самабытнасцю вылучаюцца С. філас. зместу, з распрацаванай сістэмай сімволікі (А.​Скрабін), істотным пераўтварэннем вобразнага ладу муз. мовы, структуры, выканальніцкага складу (Б.​Бартак, С.​Пракоф’еў, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, П.​Хіндэміт, Э.​Кшэнек і інш.).

У бел. муз. культуры сярод першых твораў санатнага жанру 12 С. для віяланчэлі і фп. Ф.​Міладоўскага і С.-фантазія для скрыпкі і фп. М.​Ельскага (2-я пал. 19 ст.). Большасць С. бел. кампазітараў напісана ў санатна-цыклічнай форме, на аснове якой узнікла мноства кампазіцыйных варыянтаў (Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, А.​Сонін, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, К.​Цесакоў і інш.), у т. л. і тыя, што ўвасабляюць толькі некаторыя гал. прынцыпы санатнасці (Дз.​Смольскі, В.​Войцік, А.​Мдывані).

Літ.:

Гл. да арт. Санатная форма, Санатна-цыклічная форма.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ТНАЯ ФО́РМА,

нецыклічная форма музычная, якой уласцівы проціпастаўленне дзвюх або некалькіх вобразна-тэматычных сфер, суадносіны якіх грунтуюцца на прынцыпах кантрасту або адрознення, бесперапыннае вобразна-тэматычнае развіццё на аснове прычынна-выніковай сувязі, пэўныя формаўтваральныя танальна-функцыян. суадносіны. Асн. раздзелы С.ф. — экспазіцыя, распрацоўка, рэпрыза — утвараюць 3-часткавую кампазіцыю тыпу ABA. Акрамя асн. раздзелаў часам мае уступ і коду (заключны раздзел). С.ф. выкарыстоўваюць у адной з частак, звычайна 1-й (санатнае алегра), санатна-сімф. цыкла (гл. Санатна-цыклічная форма). Існуе і як форма самаст. твора (1-часткавыя санаты, уверцюры, фантазіі, паэмы і інш.). Форма, у якой замест распрацоўкі эпізод, заснаваны на новай тэме, мае назву С.ф. з эпізодам. Магчыма С.ф. без распрацоўкі (характэрная для оперных уверцюр, павольных частак санатна-сімф. цыклаў і інш.). Кампазіцыйныя прынцыпы С.ф. выкрышталізаваліся на аснове старадаўніх форм. Класічная С.ф. склалася ў творчасці кампазітараў венскай класічнай школы. Пачынаючы з твораў Л.​Бетховена, асабліва ў музыцы Р.​Шумана, Э.​Грыга, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, П.​Чайкоўскага, А.​Скрабіна, С.​Рахманінава, С.ф. відазмяняецца ў кампазіцыйных і стылявых параметрах, дынаміцы тэматычнага развіцця, танальных суадносін, формаўтварэння. 20 ст. адзначана фарміраваннем індывідуальных варыянтаў С.ф. (Г.​Малер, А.​Анегер, Скрабін, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Ю.​Юзелюнас, В.​Лютаслаўскі, К.​Пендарэцкі і інш.). У бел. музыцы С.ф. прадстаўлена шматбакова і ў класічных нормах (Л.​Абеліёвіч, М Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, Ф.​Пыталеў, К.​Цесакоў, Я.​Цікоцкі і інш.), і ў разнастайных сучасных мадыфікацыях (У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі, А.​Сонін, Р.​Сурус і інш.).

Літ.:

Берков В.О. Сонатная форма и строение сонатно-симфонического цикла. М., 1961;

Горюхина Н.А. Эволюция сонатной формы. 2 изд. Киев, 1973;

Бобровский В.П. Функциональные основы музыкальнай формы. М., 1978;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ФО́РМЫ, цыклы,

музычныя формы, якія складаюцца з некалькіх частак, завершаных паводле будовы і звязаных у цэлае адзінай маст. задумай. Паводле выканальніцкага складу і жанравых асаблівасцей бываюць інстр., вак. (вак.-інстр.) і сцэнічныя. Інструментальныя (сюітныя, санатна-сімф.) вядомы з эпохі Адраджэння, сфарміраваліся ў 17—18 ст. Сюітныя складаюцца з танц. п’ес, якія дапаўняюць адна адну па тэмпавым і жанравым кантрасце і аб’яднаны адной танальнасцю, маюць неабмежаваную колькасць частак (І.​С.​Бах, Венская класічная школа). У 19 ст. яны ператварыліся ў цыклы інстр. мініяцюр. Санатна-сімф. маюць складаны змест, 2—5 частак кантрастных тэмпа-жанравых суадносін з устойлівымі функцыямі і формамі (сімфонія, саната, квартэт, канцэрт), для іх характэрна тэматычнае адзінства частак і абагульненне папярэдняга развіцця ў фінале. У 19 ст. з’явіліся праграмныя санатна-сімф. Ц.ф., сімфоніі з нетрадыц. колькасцю частак. Свабодныя, змешаныя, кантрастна-складаныя формы могуць утвараць т.зв. самкнутыя цыклы. Вакальныя (кантатна-аратарыяльныя і камерна-вак.) — месы, пасіёны, кантаты, араторыі. У пач. 19 ст. ўзніклі камерныя вак. цыклы — рамансы, песні для голасу з суправаджэннем (Л. ван Бетховен, І.​Брамс, Ф.​Ліст, П.​Чайкоўскі, Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Дз.​Шастаковіч, Л.​Абеліёвіч, А.​Багатыроў, Э.​Тырманд). Сцэнічныя (опера, балет, музыка да драм. спектакляў) засн. на заканамернасцях муз. формаўтварэння і прынцыпах драм. дзеяння. Паводле структурна-кампазіцыйных асаблівасцей опера і балет могуць быць аднесены да суперцыклаў: дзеянне ў іх арганізавана як самаст. комплекс складаных муз. форм.

Літ.:

Мазель Л. Строение музыкальных произведений. М., 1960;

Асафьев Б. Музыкальная форма как процесс. 2 изд. М., 1971;

Протопопов В. Принципы музыкальной формы И.​С.​Баха. М., 1981;

Ручьевская Е.А., Кузьмина Н.И. Цикл как жанр и форма // Форма и стиль. Л., 1990. Ч. 2;

Дулова Е. Балетный жанр как музыкальный феномен: (Рус. традиция конца XVIII — нач. XX в.). Мн., 1999;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

К.​М.​Дулава.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПТЭ́Т (ад лац. septem сем),

1) ансамбль з 7 выканаўцаў.

2) Муз. твор для 7 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і секстэт). Для С. характэрна санатна-цыклічная форма, пашыраны інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя септэты Л.​Бетховена, І.​Гумеля, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага. Вакальныя С. пераважна ўваходзяць у оперы. У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці Я.​Касалапава, П.​Падкавырава, М.​Русіна.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),

1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.

2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр. серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.​Шпора, Ф.​Лахнера, І.​Райнбергера, Ч.​Станфарда і інш.).

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКСТЭ́Т (ням. Sextett ад лац. sextus шосты),

1) ансамбль з 6 выканаўцаў. На Беларусі ў 1962—71 існаваў С. домраў, які даў пачатак камерна-інстр. ансамблю Белтэлерадыёкампаніі.

2) Музычны твор для 6 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і септэт). Першы вядомы С. належыць Д.Бакерыні. Найб. пашыраны струнныя С., існуюць таксама С. для духавых, нар. і інш. інструментаў. Звычайна маюць санатна-цыклічную форму, пашыраны і інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя С. І.​Брамса, Ф.​Мендэльсона, А.​Дворжака, П.​Чайкоўскага, А.​Шонберга. Вакальныя С. сустракаюцца пераважна ў операх («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта). У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці М.​Аладава, Я.​Касалапава, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, М.​Шнейдэрмана і інш. 3) У вершаскладанні — тое, што шасцірадкоўе.

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́МІЦ (Stamic, Stamitz) Ян Вацлаў Антанін (Іаган Венцэль Антон; 19.6.1717, г. Гаўлічкаў-Брод, Чэхія — 27.3.1757), чэшскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог; заснавальнік мангеймскай школы, новага канцэртнага стылю арк. выканання. Вучыўся ў бацькі Антаніна Ігнаца С., у езуіцкай гімназіі ў Йіглаве (Чэхія, 1728—34). Як скрыпач-віртуоз шмат канцэртаваў. Прыдворны музыкант у Пфальцы і Мангейме, кіраваў прыдворнай капэлай у Штутгарце. З 1744 1-ы скрыпач, з 1748 кіраўнік Мангеймскай капэлы. Спрыяў станаўленню класічнага тыпу 4-часткавай сімфоніі, узмацніў тэматычныя і дынамічныя кантрасты ў санатна-сімф. цыкле, рэфарматар аркестра (уключыў у яго склад валторны і кларнеты). Сярод твораў: больш за 70 сімфоній, 10 арк. трыо, 16 канцэртаў для скрыпкі з арк., канцэрт для кларнета з арк. (першы ў гісторыі музыкі), камерна-інстр. ансамблі, культавая хар. музыка і інш. Паўплываў на творчасць еўрап. кампазітараў 18 ст. Сярод вучняў яго сыны Карэл С. і Антанін С. і інш.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),

музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.

Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.

У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Р.​Сурус, М.​Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.​Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.​Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел. нар. інстр. музыцы.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)