БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),
гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВІЗІ́ЦЫЯ,
1) залучэнне новых кліентаў, грузаў, страхаванняў агентам транспартных або страхавых кампаній — аквізітарам.
2) Аквізіцыя на біржы — скупка акцыянерам (групай акцыянераў) усіх акцый прадпрыемства, што азначае куплю гэтага прадпрыемства. Набыццё адным прадпрыемствам другога ці зліццё без згоды прадпрыемства, якое траціць сваю самастойнасць, называюць «варожай» аквізіцыяй.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ прадпрыемстваў,
добраахвотнае аб’яднанне самастойных прадпрыемстваў дзеля сумеснага ажыццяўлення некаторых функцый гасп. дзейнасці і сац. развіцця на аснове аб’яднання сваіх сродкаў. Членамі асацыяцыі могуць быць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Яны захоўваюць гасп. самастойнасць, права юрыд. асобы і не мяняюць формы ўласнасці. Для кіравання асацыяцыяй ствараюцца выканаўчыя органы і апарат. Звычайна асацыяцыя не з’яўляецца вышэйстаячым органам да прадпрыемстваў-членаў, а выконвае тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ёй перадаюць гэтыя прадпрыемствы.
т. 2, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МОН»,
нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.
С.В.Говін.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.
Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),
часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
першая ў Расіі свецкая вышэйшая навуч. ўстанова. Існаваў у 1724—66. Засн. ў Пецярбургу адначасова з АН, заняткі пачаліся ў 1726. У Акадэмічным універсітэце пераводзілі лепшых вучняў са Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і інш. духоўных навуч. устаноў. Змест навучання вызначаўся спецыяльнасцямі акадэмікаў, якія чыталі лекцыі. Статут 1747 абвясціў самастойнасць акадэмічных універсітэтаў. У 1750 уведзены экзамены, наладжана сувязь з Акадэмічнай гімназіяй. Лепшыя выпускнікі ун-та пераводзіліся ў ад’юнкты АН, атрымлівалі ступень магістра. У 1758—65, калі Акадэмічны універсітэт узначальваў М.В.Ламаносаў, утвораны ф-ты філас., юрыд., медыцынскі.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́УКАНТАС ((Daukantas) Сіманас) (28.10.1793, в. Кальвяй Скуодаскага р-на, Літва — 6.12.1864),
літоўскі гісторык, пісьменнік-асветнік. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Працаваў у Рызе (1825—34) і Пецярбургу (1835—50). У працах па гісторыі, гісторыі культуры Літвы («Дзеянні старажытных літоўцаў і жамайтаў», 1829; «Лад жыцця старажытных літоўцаў», 1845; «Гісторыя Жамайціі», кн. 1—2, 1893—97) паказаў самабытнасць літ. народа, сцвярджаў яго права на самастойнасць. Складальнік зборнікаў літ. фальклору (1846, 1932), слоўнікаў літ. мовы. Аўтар падручнікаў, кніг па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Baštai. Т. 1—2. Vilnius, 1976.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).
т. 7, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)