БАРЫСЕ́ВІЧ (Аляксей Іванавіч) (25.6.1880, в. Саленікі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці — 20.11.1953),

вынаходнік-самавук. Герой Працы (1934). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це імя М.Я.Жукоўскага (ЦАГІ; 1926—29), з 1939 на прадпрыемствах Масквы. Прапанаваў тэхналогію пайкі алюмінію звычайным паяльнікам і патай-клёпкі ў самалётабудаванні. Удзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля, у мантажы самалётаў АНТ-20 («Максім Горкі») і АНТ-25, на якім адбыўся першы пералёт з СССР у ЗША.

А.І.Болсун.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),

бел. нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.

Тв.:

Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].

Літ.:

Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫНО́ВІЧ (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч

(14.5.1907, в. Арэшкавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 13.1.1974),

бел. цымбаліст, дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1963). Скончыў юрыд. ф-т БДУ (1931), Бел. кансерваторыю (1941). Выступаў як сельскі музыкант-самавук. Прафес. дзейнасць пачаў у 1922 як саліст-цымбаліст БДТ (Нац. т-р імя Я.Купалы). У 1930—35 кіраўнік, у 1938—41 саліст, канцэртмайстар і педагог, з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь (з 1974 імя Ж.). З 1944 педагог Беларускай кансерваторыі, дзе заснаваў клас цымбалаў і кафедру нар. інструментаў (у 1946—63 яе загадчык). Як прафес. выканаўца на бел. цымбалах тонка адчуваў прыроду інструмента, выдатна выяўляў яго выразныя магчымасці. Яго ігра вызначалася віртуозным размахам, артыстызмам, беражлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту. Сольны рэпертуар складаўся з уласных арыгінальных твораў («Беларускія танцы», «Працяжная і карагодная» і інш.), пералажэнняў п’ес Ф.Шапэна, Г.Вяняўскага, І.Штрауса, Ф.Крэйслера. Канцэртаваў як віртуоз-цымбаліст у Германіі, Фінляндыі, Канадзе, Польшчы. Стварыў унікальны па складзе нар. аркестр, для станаўлення якога вял. значэнне меў яго ўдзел ў рэканструкцыі муз. інструментаў, найперш цымбалаў. Выключны ўклад Ж. ў стварэнне рэпертуару для гэтага калектыву, у т.л. уласных твораў («Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі нар. танцаў «Лявоніха» і «Мікіта», а таксама пералажэнняў — 7-й сімфоніі В.А.Моцарта, сімфаньеты «Беларускія карцінкі» М.Чуркіна, фіналаў 1-га канцэрта для фп. з арк. і Серэнады для стр. аркестра П.Чайкоўскага, фп. п’ес «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А.Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М.Мусаргскага і інш. твораў класічнай і сучаснай музыкі). Асабліва вялікі ўклад Ж. ў падрыхтоўку выканальніцкіх і пед. кадраў — стварэнне ім першай школы ігры на бел. цымбалах. Сярод яго вучняў В.Бурковіч, Я.Гладкоў, Д.Сцяпанава, М.Шмелькін і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія Беларусі 1968. З 1987 на Беларусі праводзіцца Рэсп. конкурс імя Ж. У Мінску на доме, дзе жыў Ж., устаноўлена мемар. дошка.

Літ. тв.: Белорусские цимбалы // Науч. метод. зап. Бел. гос. консерватории. Мн., 1958. Вып. 1; Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958; Оркестр цимбалистов. Мн., 1968; Школа ігры на цымбалах. 3 выд. Мн., 1993.

Літ.:

Насценка З.М. Іосіф Жыновіч. Мн., 1969.

А.Я.Ракава.

І.І.Жыновіч.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)