Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ТЭКТО́НІКА, галакінез,
працэсы і структуры, звязаныя з перамяшчэннем саляных мас у зямной кары. Развіваецца пры наяўнасці саляносных фармацый з магутнымі пластамі каменнай і калійных солей, нераўнамерным ціску вышэйляжачай тоўшчы і дыферэнцыраваным перамяшчэнні падсалявога ложа і фундамента ў выніку тэктанічных працэсаў. З прычыны пластычнасці і адносна нізкай удзельнай вагі саляныя масы перамяшчаюцца на ўчасткі з меншым ціскам. Узнікаюць саляныя масівы, якія прыўздымаюць, выгінаюць (нярэдка прарываюць) верхнія пласты і ўтвараюць саляныя структуры (купалы, антыкліналі, геміантыкліналі, штокі і інш.). Над участкамі, з якіх адцякае соль, надсалявыя пласты прагінаюцца, утвараюцца кампенсацыйныя мульды. У краявых і міжгорных прагінах складкавых абласцей, дзе С.т. развіваецца ва ўмовах бакавога ціску, саляносныя ўтварэнні праяўляюцца ў ядрах лінейных складак, нярэдка ўздоўж ліній тэктанічных разрываў. У скляпеннях і крылах саляных купалаў і антыкліналей часта знаходзяцца паклады нафты і газу, а саляныя ядры распрацоўваюцца для атрымання каменнай і калійных солей. Класічныя вобласці С.т. — Прыкаспійская ўпадзіна, упадзіна Мексіканскага зал. і яго ўзбярэжжа і інш. На Беларусі С.т. пашырана ў Прыпяцкім прагіне. Найб. актыўна праявілася ў верхнефаменскай галітавай субфармацыі (памеры падняццяў 10—30 км²) і ў меншай ступені ў верхняфранскай саляноснай фармацыі (70—100 км²). Большасць з падняццяў прыразломныя, надразломныя, нярэдка групуюцца ў саляныя валы (напр., Рэчыцкі вал). Некат. ядры або скляпенныя і прыскляпенныя ч. саляных купалаў і антыкліналей маюць нафтавыя паклады. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУУсх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс.км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),
мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПІРЫ́ЗМ,
працэс утварэння геал. структур. Купалы, антыкліналі ўтвараліся ў выніку нагнятанняў у ядро расплаву магмы, парод паніжанай шчыльнасці і высокай пластычнасці (соль, гіпс, гліна і інш.) з наступным выпіраннем перакрываючых адкладаў або пратыканнем іх з разрывам. Складкі дыяпіравага тыпу падзяляюцца на глыбінныя (магматычныя дыяпіры), покрыўныя (саляныя, гліністыя і інш. дыяпіры; гл.Саляная тэктоніка) і паверхневыя ледавіковых парушэнняў (гл.Гляцыядыслакацыі, Гляцыятэктоніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНТА́НАМА (Guantánamo),
горад на У Кубы, паблізу ад узбярэжжа Карыбскага м.Адм. ц. правінцыі Гуантанама. 207.8 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., тэкст., тытунёвая, абутковая, металаапр., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. На ўзбярэжжы — саляныя промыслы.
Засн. ў 1819. Каланізаваны франц. ўцекачамі з Гаіці. Паводле трактатаў 1903 і 1934, навязаных Кубе, у бухце Гуантанамы знаходзіцца ваен марская база ЗША. Куба патрабуе вяртання тэр. сушы і мора ў раёне Гуантанамы, якія ёй належаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс.км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 мг. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял.Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯКА́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ,
у Пермскай вобл. Расійскай Федэрацыі. На левым беразе р. Кама, паміж р. Вішара на Пн і р. Яйва на Пд. Саляныя пароды прадстаўлены лінзападобным пакладам, выцягнутым з Пн на Пд на 200 км, шыр. да 50 км, пл. 6,5 тыс.км². Саляносныя адклады ніжняй і верхняй пярмі. Паклад калійных солей мае працягласць 136 км, шыр. да 40 км, пл. 3,5 тыс.км². Радовішча адкрыта ў 1925, распрацоўваецца з 1933. Прамысл. запасы 3,8 млрд.т (сільвініт, карналіт і інш. солі), перспектыўныя 15,7 млрд.т. Цэнтры здабычы — г. Беразнікі, г. Салікамск. Калійныя солі выкарыстоўваюцца для вытв-сці ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Вісарыён Міхайлавіч) (6.6. 1762—1804),
бел. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1782). Працаваў у Пецярбургу, у 1783—85 у Маскве пад кіраўніцтвам арх. В.Бажэнава прымаў удзел у буд-ве палацавых ансамбляў Падмаскоўя. У 1785—99 Магілёўскі губернскі архітэктар. Удзельнічаў у перабудове гарадоў Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паводле яго праектаў пабудаваны саляныя крамы ў Рагачове і Нова-Беліцы (з 1854 прадмесце Гомеля) і 2 мураваныя флігелі для дзярж. установы ў Клімавічах Магілёўскай вобл. (усе 1787); астрог (1796), палац губернатара і будынак дзярж. устаноў (1797, прыстасаваны будынак б. манастыра базыльян) у Віцебску, зрабіў праект мытні ў Талачыне Віцебскай вобл. (1788). Ажыццяўляў тэхн. кіраўніцтва буд-вам Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, пасля завяршэння яго выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка (1780—98), некат. дапрацоўкі Крычаўскага палаца (1785).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш.Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.