Сальпы 9/336

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛЬПЫ (Salpae),

клас хордавых жывёл падтыпу абалоннікаў (паводле інш. класіфікацыі — атрад кл. пелагічных абалоннікаў Thaliacea). 2 атр. (падкл.): бачоначнікі (Cyclomyaria) і ўласна С. (Desmomyaria), 25 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, акрамя Паўн. Ледавітага. Свабоднаплаваючыя адзіночныя і каланіяльныя жывёлы. Трымаюцца пераважна паблізу паверхні вады. Здольныя да свячэння (за кошт сімбіятычных бактэрый).

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 33 см. Цела бочачкападобнае, укрыта празрыстай абалонкай (тунікай). Сэрца на брушным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Нерв. сістэма прадстаўлена надглотачным нерв. вузлом, над якім размешчана святлоадчувальнае вочка. Дыхаюць жабрамі. Кормяцца фітапланктонам. Гермафрадыты. Жыццёвы цыкл адбываецца з чаргаваннем палавога і бясполага пакаленняў. Бясполыя асобіны (аазоіды) размнажаюцца пачкаваннем. Развіццё без стадыі лічынкі. У дарослых знікае хорда і хвост. Корм для некат. рыб, марскіх чарапах.

А.​М.​Петрыкаў.

Сальпы: 1 — талія (калонія); 2 — вялікая; 3 — даліёлум; 4 — цыкласальпа (калонія).

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́ННІКІ, лічынкавахордавыя (Tunicata, Urochorda),

падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.

Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.

Да арт. Абалоннікі: 1 — бочачнік; 2 — пірасома; 3 — калонія сальпаў; 4 — асцыдыя халацынтыя гузакаватая.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)