Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Саковічы (в., Салігорскі р-н) 9/319, 330 (к.), 331
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Помян» у ВКЛ. Родапачынальнік Сак (Станіслаў) пры заключэнні Гарадзельскай уніі 1413 быў адаптаваны да герба «Помян», у 1433 быў старостам дубінскім. Найб. вядомыя:
Андрэй (?—1465), сын Сака, староста трокскі ў 1433—40, намеснік смаленскі ў 1440 і полацкі ў 1444—53, ваявода трокскі з 1458. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ у пераможнай бітве з маскоўскімі войскамі пад Сухадровам у 1445. Удзельнік перагавораў з крыжакамі ў 1432 і 1451, пасол у Чэхію ў 1453. Меў буйныя зямельныя ўладанні (каля 500 дымоў). Ад яго сына Юрыя пайшоў род Насілоўскіх. Багдан Андрэевіч (?—1491), намеснік браслаўскі ў 1463—74, маршалак гаспадарскі ў 1463—77, намеснік полацкі ў 1477—84, маршалак земскі з 1480, адначасова ваявода трокскі з 1484. Быў паслом да крымскага хана Менглі-Гірэя ў 1473, у Маскву ў 1474 і 1482.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́МЯН»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 130 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Асецкія, Багаткі, Брудзеўскія, Грабскія, Макавецкія, Раценскія, Саковічы. Мае ў залатым полі выяву чорнай галавы зубра, прабітай наўскос мячом. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.