перыкарпій, сценка плода раслін, якая ахоўвае насенне. Утвараецца са сценак завязі. Складаецца з трох (часам з двух) слаёў. Вонкавы (экзакарпій) бывае тонкі скурысты (касцянка, ягада, яблык), тоўсты скурысты (памяранец), цвёрды (гарбуз). Сярэдні (мезакарпій) мясісты, сакавіты, часта афарбаваны (касцянка, ягада). Унутр. бывае сакавіты (ягада), хрусткаваты (яблык), камяніста-цвёрды (касцянка). Будова К. — адзнака, якая ўлічваецца ў сістэматыцы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯ́НКА,
сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МЕН (Фелікс Фёдаравіч) (н. 28.3.1941, в. Кальцова Амурскай вобл., Расія),
бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРГА́ (Amelanchier),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).
Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАГРАВЮ́РА, лінарыт,
пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; адна з тэхнік эстампа. Паводле тэхнікі і маст. сродкаў блізкая да тарцовага дрэварыту. Узнікла ў пач. 20 ст. Спецыфічныя якасці Л. (лаканізм маст. мовы, рэзкія кантрасты чорнага і белага, сакавіты і маляўнічы штрых, які атрымліваецца дзякуючы мяккасці матэрыялу, магчымасць выкарыстоўваць вял. памер аркуша і каляровы друк, высокая тыражнасць) і параўнаўчая прастата выканання абумовілі яе вял. пашырэнне. У тэхніцы Л. працавалі А.Матыс, П.Пікасо (Францыя), Ф.Мазерэль (Бельгія), П.Нільсен (Данія), Э.Пакард, Б.Рэндал (ЗША), Л.Мендэс (Мексіка), Дз.Мітрохін, У.Фаворскі (Расія) і інш. У бел. мастацтве развіваецца з 1920-х г. (А.Астаповіч, І.Гембіцкі, Г.Змудзінскі, М.Тарасікаў, А.Тычына, С.Юдовін, мастакі Зах. Беларусі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук). Сярод бел. майстроў 1950—90-х г. Л.Асецкі, М.Басалыга, Я.Бусел, П.Герасімовіч, С.Герус, М.Гуціеў, А.Ільіноў, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, Ю.Кухараў, Г.Лойка, А.Лось, М.Макаранка, Р.Маліноўскі, В.Мікіта, А.Паслядовіч, С.Раманаў, У.Садзін, В.Ткачук, Ю.Тышкевіч, У.Хмызнякоў, В.Шаранговіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЧНІКАВЫЯ (Boraginaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на ЗПаўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).
Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.
Літ.:
Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;
Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 19.2.1935, г. Магілёў),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1974), нар.арт.СССР (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1957). Працуе ў Нац.акад.драм. т-ры імя Я.Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавітынар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Янка («Там і тут» Д.Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).
Літ.:
Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой. лугавой і прамысловай К. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.), мукамольнай, алейнай, цукровай, піваварнай, спіртавой і гарэлачнай, крухмала-патачнай, рыбнай, мясной, малочнай і інш. галін прам-сці, кармы прамысл. вытв-сці (камбікорм і інш.).
Палявая К. забяспечвае атрыманне найб. колькасці кармоў з кожнага гектара пасяўной плошчы. Аснову яе складаюць збожжавыя і кармавыя культуры. Лугавая К. паляпшае натуральныя і стварае культурныя сенажаці і пашы, укараняе новыя сарты кармавых культур з вял. колькасцю кармавога бялку (пратэіну), удасканальвае структуру кармавых культур і кармоў. Прамысловая К. забяспечвае жывёлагадоўлю камбікармамі (гл.Камбікормавая прамысловасць), мінер. і бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, кармавымі дражджамі, антыбіётыкамі, стымулятарамі і інш. У краінах з развітой жывёлагадоўляй (Данія, Нідэрланды, Германія, Вялікабрытанія і інш.) аснова К. — кармы, што атрымліваюць на ворнай зямлі і культурнай пашы, у Аўстраліі, шэрагу краін Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі — кармы натуральнай пашы. На Беларусі ў грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца (1997) 8,6 млн.т кармоў, у т. л. травяных 4,9 млн.т кармавых адзінак (к. а.). У разліку на 1 умоўную галаву атрымана да 20,4 ц к. а. Для К. выкарыстоўваецца ад 65 да 80% плошчы с.-г. угоддзяў.