САЙТ (ад англ. site месцазнаходжанне) у генетыцы, участак нуклеатыднай паслядоўнасці ў малекуле ДНК, здольны да мутацыі. Кожны С. адпавядае пэўнай пары нуклеатыдаў у двухланцужковай малекуле ДНК ці аднаму нуклеатыду ў вірусаў, якія ўтрымліваюць генет. матэрыял у адной нітцы ДНК або РНК. У біяхіміі С. — участак амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЙТ,
электронная публікацыя ў сусветнай інфарм. прасторы WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web сусветная павуціна), даступная карыстальнікам Інтэрнета. Уяўляе сабой сукупнасць тэматычна звязаных Web-старонак, якія адносяцца да аднаго аўтара, праблемы, установы, прадпрыемства ці інш. Бывае любога памеру і зместу (тэкст, графіка, анімацыя, гук, відэа і інш.). Размяшчаецца на вузлавым камп’ютэры з пастаянна дзеючай праграмай Web-сервер. Падрыхтоўка С. для распаўсюджвання ў Інтэрнеце ажыццяўляецца па спец. Web-тэхналогіі з выкарыстаннем мовы разметкі гіпертэкставых дакументаў. Доступ да С. выконваецца па канкрэтным адрасе; пошук, прагляд, навігацыя па спасылках і раздрукаванне С. адбываюцца з дапамогай спец. праграм.
А.І.Боскіна, А.В.Нікіфараў.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)